АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Закон аб адтэрміноўках Выбары-2019 Змяненне Канстытуцыі Курапаты Беларусь-Расія Забойства Паўла Шарамета

У Менску дамовіліся ад 21 ліпеня спыніць агонь на Данбасе

Трохбаковая кантактная група на паседжанні ў Менску ўзгадніла бестэрміновае спыненне агню ў зоне вайсковага канфлікту ва Украіне з 21 ліпеня. Пра гэта 17 ліпеня паведаміў спецпрадстаўнік АБСЕ ў трохбаковай кантактнай групе па ўрэгуляванні сітуацыі на ўсходзе Украіны Марцін Зайдык.

Агонь мусіць спыніцца ад 00:01 паводле кіеўскага часу, паведамляе БелТА.

У заяве кантактнай групы таксама змяшчаецца шэраг мераў дзеля забеспячэння ўстойлівасці перамір’я, паведамляе "Белсат".

ТКГ падкрэслівае важнасць прыняцця і выканання загадаў аб спыненні агню. Таксама адзначаецца важнасць эфектыўнага ўжывання дысцыплінарных мераў пры парушэнні рэжыму спынення агню і апавяшчэння пра іх СММ АБСЕ.

Бакі падкрэсліваюць важнасць адмовы ад наступальных дзеянняў і разведвальна-дыверсійных аперацый, неўжывання любога віду агню, у тым ліку снайперскага. Адзначаецца недапушчэнне размяшчэння цяжкага ўзбраення ў населеных пунктах і каля іх, у першую чаргу ў школах, дзіцячых садках, больніцах і грамадскіх памяшканнях.

Трохбаковая кантактная група абяцае забяспечыць надзейны і бяспечны доступ СММ АБСЕ па ўсёй Украіне згодна яе мандату.

Пацверджанае месцазнаходжанне 69 грамадзянаў Украіны
Як паведаміла ў «Facebook’у» прэс-сакратарка прадстаўніка Украіны ў ТКГ Леаніда Кучмы Дарка Аліфер, таксама было завершанае развядзенне сілаў і сродкаў у раёне станіцы Луганскай. Бакі дамовіліся ў бліжэйшы час сінхронна дэмантаваць фартыфікацыйныя збудаванні на мосце і прыбраць сімвалы квазігруповак. Украіна з самыя кароткія тэрміны гатовая адрамантаваць сваю частку моста.

Пацверджанае месцазнаходжанне 69 грамадзянаў Украіны, якіх імкнецца вызваліць Кіеў. Ва ўкраінскіх турмах знаходзяцца 208 чалавек, якіх шукае процілеглы бок. Дамоўлена ў самыя кароткія тэрміны падрыхтаваць узаемнае вызваленне гэтых асобаў.

Таксама ідзе праца над забеспячэннем бесперабойнага энерга- і водазабеспячэння мірных жыхароў з абодвух бакоў. Ёсць станоўчыя зрухі ў забеспячэнні ўстойлівай мабільнай сувязі на ўсім Данбасе.


22:29 17/07/2019


Загрузка...
Загрузка...