АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

У Брэсце абвясцілі прысуд беларусу, які ваяваў на Данбасе і ў Сірыі

10 ліпеня ў Брэсцкім абласным судзе абвясцілі прысуд 44-гадоваму беларусу, які абвінавачваўся ва ўдзеле ва ўзброеным канфлікце на паўднёвым усходзе Украіны на баку самаабвешчанай «Данецкай Народнай Рэспублікі».

Мужчыну прызналі вінаватым ва ўдзеле ва ўзброеным канфлікце на тэрыторыі замежнай дзяржавы і прызначылі яму пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на 2 гады ў калоніі агульнага рэжыму. Суд таксама ўлічыў змякчальныя акалічнасці: яўку з павіннай, чыстасардэчнае раскаянне, актыўнае спрыянне выяўленню злачынства.

Абвінавачанага заключылі пад варту ў зале суда. Калі на ім зашпілілі кайданкі, ён спытаў суд, за што яго так сурова пакаралі.

Прысуд не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны.

Абвінавачаны — жыхар Брэста Вадзім. Адукацыя сярэдняя: скончыў Ганцавіцкую дапаможную школу-інтэрнат. Да таго, як з'ехаў на Данбас, працаваў на адным з прадпрыемстваў Брэста. Раней тройчы прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за крадзяжы.

Службу ў беларускім войску абвінавачаны не праходзіў па здароўі, але гэта не перашкодзіла яму трапіць ва ўзброеныя фарміраванни самаабвешчанай «ДНР». На паўднёвы ўсход Украіны Вадзім прыехаў у 2015 годзе. На пасяджэнні 1 ліпеня ён патлумачыў суду, што «запісаўся добраахвотнікам па ідэйных меркаваннях». Яго залічылі радавым у штурмавой полк марской пяхоты. Першы час займаў пасаду намесніка камандзіра баявой машыны, затым перавёўся ў гранатамётчыкі. Ваяваў пад пазыўным «Ветрык».

Вадзім прымаў удзел у баявых дзеяннях у вёсцы Камінтэрнава Валнавахскага раёна Данецкай вобласці. З 3 сакавіка па 10 ліпеня 2016 года дыслакаваўся паблізу вёскі Соханка Новаазоўскага раёна, затым — да 21 лістапада — быў у лініі размежавання.

У 2017 годзе Вадзім паляцеў у Сірыю. Паводле яго слоў, там ён не ваяваў, а працаваў на нафтабазе. У Сірыі абвінавачваны правёў два месяцы — з 23 кастрычніка да 21 снежня. Затым вярнуўся ў «ДНР».

22 мая 2018 года берасцейца залічылі радавым у батальён данецкай народнай міліцыі на пасаду старэйшага стрэлка. 1 жніўня яго перавялі ў кулямётчыкі. За некалькі гадоў удзелу ў ваенным канфлікце на паўднёвым усходзе Украіны Вадзім двойчы быў паранены: адзін раз у руку, другі — у нагу.

У канцы 2018 года ён з'ехаў у Брэст — нібыта ў адпачынак. У судзе ён патлумачыў, што вяртацца назад не збіраўся з-за «афіцэрскага бязмежжа» ва ўзброеных фармаваннях «ДНР», піша Новы час.

У Брэсце мужчына напісаў яўку з павіннай і аднёс яе ў КДБ. У дачыненні да яго распачалі крымінальную справу і ўзялі пад варту. Пазней перавялі пад хатні арышт.

Паводле tut.by


15:32 10/07/2019


Загрузка...
Загрузка...