АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Актывіст давёў «Вячэрні Магілёў» да суду: матэрыялы выдання могуць прызнаць экстрэмісцкімі

Некалькі гадоў змагання актывіста з Маладзечна завяршыліся поспехам – у Магілёве разглядаецца справа аб прызнанні інфармацыйнай прадукцыі «Вячэрняга Магілёва» экстрэмісцкімі матэрыяламі.



Больш за два дзясяткі вернікаў прыйшлі сёння падтрымаць «Вячэрні Магілёў» на паседжанне ў суд Ленінскага раёну. Рэспубліканская экспертная камісія ў справе інфармацыйнай прадукцыі знайшла ў двух матэрыялах выдання прыкметы экстрэмізму, перадае "Белсат".

«Гэтыя матэрыялы сапраўды датычацца ЛГБТК, быў матэрыял, у якім апісваецца гвалт над геем у Слаўгарадскім раёне, тое, што яго пабілі, і, па-другое, пра паляванне на педафілаў, калі не памыляюся. Можна было падаць іх не так тэндэнцыйна, як зрабіў «Вячэрні Магілёў», – тлумачыць праваабаронца Аляксандр Буракоў.

Агулам цягам двух гадоў актывіст Валянцін Цішко даслаў у розныя інстанцыі скаргі на 14 артыкулаў «Вячэрняга Магілёва».

«Я звяртаўся ў Ленінскі РАУС, у пракуратуру Магілёва, у міністэрства інфармацыі. Часамі нават з міністэрства інфармацыі прыходзілі адказы, што ўсё цудоўна, і прычынаў хвалявацца няма. Тады я звяртаўся ў Савет Міністраў, і Савет Міністраў перанакіроўваў мае звароты ў міністэрства інфармацыі», – распавядае Валянцін Цішко.

Галоўная рэдактарка «Вячэрняга Магілёва» Надзея Леўчанка выказаць афіцыйную пазіцыю выдання адмовілася, а прадстаўнік выдання Станіслаў Леўчанка падчас судовага паседжання спасылаўся на Біблію і былога міністра ўнутраных справаў:

«МУС не раз вуснамі былога міністра Ігара Шуневіча выказвала негатыўнае стаўленне да прапаганды каштоўнасцяў гей-культуры, называючы асобаў нетрадыцыйнай сексуальнай арыентацыі «дзіравымі». Заключэнне камісіі носіць антыхрысціянскі характар, паколькі ўхваляе садомскі лад жыцця і садомскую ідэалогію і культывуе ў беларусаў пачуццё страху перад магчымым пакараннем за супрацьдзеянне прапагандзе лгбт-супольнасці».

Праваабаронца Аляксандр Буракоў адзначае, што ў параўнанні з іншымі мясцовымі медыямі, мова варожасці «Вячэрняга Магілёва» больш жорсткая і агрэсіўная:

«У адрозненне ад іншых СМІ, мова варожасці ў «Вячэрнім Магілёве» у дачыненні да ЛГБТ, да феміністак, да розных празаходніх арганізацыяў, у тым ліку ААН і Еўразвязу, – гэта была частка рэдакцыйнай палітыкі».

«Колькі я ні чытаю іх матэрыялы – ва ўсіх бедах і праблемах вінаватая ЛГБТ-супольнасць, ад класічнай стыгматызацыі, што гэта распаўсюд СНІД, і да неймаверных», – адзначае Валянцін Цішко.

Калі суд прызнае матэрыялы «Вячэрняга Магілёва» экстрэмісцкімі, то выданне будуць судзіць за распаўсюджванне экстрэмісцкай прадукцыі. Цяпер у судзе абвешчаны перапынак да 11 ліпеня, бо выданне накіравала скаргу ў Менскі эканамічны суд на выснову камісіі, якая знайшла ў матэрыялах прыкметы экстрэмізму.


08:36 09/07/2019


Загрузка...
Загрузка...