АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Кебіч: «Гэта Замяталін прыдумаў, што Лукашэнка скраў у сцюардэсы фен»

Уладзімір Замяталін, які памёр 7 ліпеня ва ўзросце 71 года, на выбарах 1994 года быў у камандзе прэм'ер-міністра Вячаслава Кебіча. Ужо потым ён сышоў да Аляксандра Лукашэнкі.

Кебіч: «Гэта Замяталін прыдумаў, што Лукашэнка скраў у сцюардэсы фен» 
Уладзімір Замяталін, які памёр 7 ліпеня ва ўзросце 71 года, на выбарах 1994 года быў у камандзе прэм'ер-міністра Вячаслава Кебіча. Ужо потым ён сышоў да Аляксандра Лукашэнкі.

Вячаслаў Кебіч даведаўся пра смерць Замяталіна ад «Нашай Нівы».
Вячаслаў Кебіч: Колькі яму гадоў было?

- 71 год.

- Рана сыходзіць, вельмі рана… Ён стараўся, рабіў усё, што ад яго патрабавалася. У яго атрымлівалася шмат што, але былі такія часы, калі нават дзе і памыліўся, то не трэба яго за гэта дакараць. Магу сказаць пра яго толькі добрае: руплівы і граматны чалавек быў.

Так, гэта ён прыдумваў хады для маёй перадвыбарчай кампаніі. Было такое. Гэта ён запусціў калісьці «качку», што Лукашэнка скраў фен у сцюардэсы. Але сёння я б не хацеў пра гэта доўга казаць.

Перад тым, як пайсці ў іншую каманду, ён прыйшоў да мяне і спытаў дазволу, гэта робіць яму гонар. Ён спытаў: «Вы не будзеце супраць, калі я сыйду?» Я ж разумеў, што жыць трэба. А то некаторыя не проста кідалі, але яшчэ і брахаць пачыналі.

- Ці любіў ён Беларусь? Аляксандр Фядута кажа, што так і не змог палюбіць Беларусь, бо яго радзімай быў СССР.

- Бадай што я згаджуся з Фядутам.

***

Што за гісторыя была з фенам?

У 1994 годзе ў разгар прэзідэнцкай кампаніі на экранах тэлебачання з’явіўся ролік, у якім кандыдата Лукашэнку абвінавачвалі ў крадзяжы фена ў сцюардэсы.

Сам Лукашэнка на гэта адказваў: «Навошта мне фен? Я ж лысы!» Але «чорны піяр» не спрацаваў, людзі не паверылі ўсяму гэтаму.

Дэпутат Вярхоўнага Савету ад Апазіцыі БНФ Сяргей Навумчык сцвярджае, што гісторыя з фенам сапраўды была. У 1992 годзе група чыноўнікаў, а таксама дэпутатаў Вярхоўнага Савета лятала ў Кітай. Прычым не ўрадавым самалётам.

Сцюардэса паскардзілася Кебічу, што ў яе прапаў фен. Тады прэм’ер-міністр загадаў праверыць кожны багаж, пачынаючы са свайго, і нібыта фен знайшоўся ў валізе Лукашэнкі. Але сам дэпутат Лукашэнка сказаў, што гэта атрымалася выпадкова, таму ніякіх наступстваў гэта не мела.


22:38 08/07/2019


Загрузка...
Загрузка...