АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Амбасада Расеі ў Менску запатрабавала доступу да затрыманых за «крывавы салют» расейцаў

Прэсавы сакратар амбасады Расеі ў Менску паведаміў, што 8 ліпеня беларускім уладам накіраваны запыт на наведваньне двух расейскіх грамадзян, якіх затрымалі пасьля выбуху 3 ліпеня на салюце ў Менску.

«Мы накіравалі запыт на наведваньне 2 затрыманых расейскіх грамадзян, супрацоўнікаў кампаніі „Пиро-Росс“ і спадзяёмся, што неўзабаве доступ да іх консулу будзе дадзены. Нашы консульскія супрацоўнікі робяць усе захады для гарантаваньня іх правоў, адвакатаў мы ўжо падключылі», — паведаміў Свабодзе прэсавы сакратар амбасады Сяргей Араеў.

Затрыманыя — гэта 25-гадовы Максім Сапронаў і 28-гадовы Канстанцін Дзянісаў, кансультанты кампаніі «Пиро-Росс», якая пастаўляла піратэхнічныя снарады для фаэрвэрку. Яны суправаджалі груз у Беларусь і меліся сачыць за запускам на сьвяце ў Менску.

Сьледчы камітэт Беларусі 4 ліпеня пасьля іх затрыманьня паведаміў, што «ў працэсе зараджаньня салютных установак прадстаўнікі прадпрыемства-пастаўшчыка дапусьцілі парушэньне парадку работы з фаервэркавымі вырабамі. А менавіта ажыцьцяўлялі мэханічнае ўзьдзеяньне на набоі піратэхнікі пры зараджаньні мартыраў, не прадугледжанае правіламі абыходжаньня зь імі».

Крымінальная справа вядзецца паводле артыкулу аб парушэньні правілаў абыходжаньня з выбухованебясьпечнымі рэчамі, якое прывяло да сьмерці чалавека празь неасьцярожнасьць.

13:27 08/07/2019


Загрузка...
Загрузка...