АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Еўрапейскія гульні ў Мінску Выбары-2019 Змяненне Канстытуцыі Курапаты Беларусь-Расія Забойства Паўла Шарамета

Лукашэнка будзе святкаваць незалежнасць з расейскімі «Іскандэрамі»

У Беларусі, у адрозненне ад іншых постсавецкіх краін, Дзень Незалежнасці не звязаны з распадам СССР. Фактычна 3 ліпеня – гэта дата вызвалення Менску ад гітлераўцаў у 1944 годзе.

Лукашэнка будзе святкаваць незалежнасць з расейскімі «Іскандэрамі»
Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка ў 1996 годзе перанёс галоўнае свята на 3 ліпеня, змагаючыся з нацыянальна арыентаванай апазіцыяй, якую грэбліва называў «свядомыя» («свядомымі»).

Да таго з 1992 года Дзень Незалежнасці адзначаўся 27 ліпеня, у дзень прыняцця Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі. Але Лукашэнка ўзяў курс на «братэрскую інтэграцыю» з Расеяй і стаў знішчаць «заваёвы нацыяналістаў».

Па савецкім шаблоне

Выбар 3 ліпеня для гэтага свята апаненты крытыкуюць: у гэты дзень быў вызвалены толькі Менск, а не ўся Беларусь, а галоўнае – сюды вярнуўся сталінскі рэжым, працягнуліся рэпрэсіі, усім запраўляла Масква. Гэта значыць пра сапраўдную свабоду і незалежнасць беларускай нацыі гаворкі не было.

Але да апошняга часу кіраўніцтва Беларусі ўпарта прытрымлівалася ўсечанай, лубачнай савецкай версіі нацыянальнай гісторыі. Лукашэнка і сам да мозгу касцей савецкі чалавек, і да таго ж хацеў спадабацца Крамлю. Ва ўгоду «братэрскай інтэграцыі», дзеля танных расейскіх рэсурсаў працягвалася фактычная русіфікацыя.

Цяпер адносіны паміж «заклятымі саюзнікамі» напружыліся, Крэмль змушае да так званай паглыбленай інтэграцыі, якая пахне мяккім паглынаннем. Лукашэнка супраціўляецца, але занадта моцна ўграз кіпцюрок беларускай птушачкі.

Масква «пазначае» беларускі плацдарм

У гэтым годзе парад 3 ліпеня ў Менску пачне авіяцыя. І вока знаўцы адразу адзначыць, што беларускім ВПС бракуе сучасных баявых машын. Ды і ў цэлым Расея не гарыць жаданнем забяспечваць саюзніка ўзбраеннем і тэхнікай свежых узораў. А тое, што прапаноўваецца, каштуе казачна дорага.

Лукашэнка не раз наракаў Маскве за такую скнарлівасці. Але ў святле цяперашняга прымусу да інтэграцыі на шчодрасць Крамля тым больш не варта разлічваць.

Некаторыя аглядальнікі лічаць, што Маскве выгадна старэнне арсенала беларускай арміі, каб потым навязаць свае ваенныя базы: у вас жа, маўляў, няма патэнцыялу для абароны межаў Саюзнай дзяржавы.

У наземнай жа частцы параду будуць удзельнічаць і расейскія «Іскандэры». Што не стане плюсам для іміджу Менску ў вачах заходніх назіральнікаў. Бо Масква раз-пораз пагражае «Іскандэрамі» сваім натаўскіх суседзям.
 
У дадатак з’яўленне гэтых ракетных комплексаў на менскіх вуліцах умацоўвае аргументы тых, хто лічыць беларускае войска толькі прыдаткам расейскага. Але ж Лукашэнка і МЗС такім чынам даказваюць Еўропе, што Менск вядзе незалежную палітыку, зʼяўляецца донарам стабільнасці ў рэгіёне!

Для шматвектарнасці на маючы адбыцца парад запрасілі кітайцаў і ваеннаслужачых некалькіх постсавецкіх краін. Але на ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва Менску з Пекінам Масква таксама глядзіць скоса. Куды ні кінь, усюды клін.

Дзень Волі ва ўладаў не ў пашане

Дэмакратычна настроеная і нацыянальна арыентаваная частка беларусаў лічыць найлепшай датай для святкавання незалежнасці цяпер неафіцыйны Дзень Волі 25 сакавіка. Ён звязаны з нядоўгім, але важным для станаўлення дзяржаўнасці феноменам Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918 годзе.

У апошнія гады, калі адносіны з Крамлём пагоршыліся, беларускія ўлады спрабуюць некалькі змяніць афіцыйны гістарычны наратыў, сталі звяртацца і да дасавецкіх дат, падзеяў. Але асоба разгортваць беларусізацыю баяцца, каб не разгневаўся Крэмль. Вось яна, пастка «братэрскай інтэграцыі»!

Аднак справа не толькі ў Маскве. Для Лукашэнкі, былога савецкага палітпрацаўніка, Дзень Волі застаецца ідэйна чужым святам «пятай калоны».

Мінулай вясной улады адмовілі арганізатарам у лепшых сталічных пляцоўках. А бывала, што і разганялі шэсця ў гэты дзень, хапаючы нават хатніх гаспадынь з авоськамі, пенсіянераў з кіямі. Хай ведаюць «свядомыя», у якой краіне жывуць.


Аляксандр Класкоўскі, Белсат

15:58 02/07/2019


Загрузка...
Загрузка...