АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Намеснік старшыні ПБНФ сышоў з партыі на знак пратэсту

Намеснік старшыні Партыі БНФ Аляксандр Стральцоў сышоў з партыі. Такі ягоны ўчынак стаў адказам на ўдзел старшыні партыі Рыгора Кастусёва ў гей-парадзе ў Вільні.

Намеснік старшыні ПБНФ сышоў з партыі на знак пратэсту
"Я сышоў таму, што лічу, што ўдзел старшыні Партыі БНФ, незалежна ад таго, быў ён змушаны або добраахвотны, у гэтай падзеі для мяне, як члена партыі, недапушчальны. Партыя ўсё-такі мае кансерватыўнае аблічча. І ёсць супярэчнасць паміж кансерватыўным абліччам і такімі дзеяннямі", – распавёў палітык у каментары belsat.eu.

Суразмоўца таксама адзначыў, што не пытаўся, ці нехта яшчэ з гэтай прычыны хоча пакінуць Партыю БНФ, бо «кожны адказвае сам за сябе».

Аляксандр Стральцоў паведаміў, што асобнай палітычнай сілы ствараць не збіраецца.

«Цікава было паглядзець»

Фота Рыгора Кастусёва на фоне вясёлкавых сцяжкоў падчас Балтыйскага гей-прайду 8 чэрвеня апублікавала ў «Facebook’у» актывістка экалагічнага руху Таццяна Новікава. У інтэрв’ю «Нашай Ніве» старшыня ПБНФ прызнаў, што наведаў шэсце, каб «сфармаваць свой асабісты падыход» на гэтую тэму.

«Мне, як беларускаму палітыку, цікава было паглядзець, што гэта за мерапрыемства, што гэта за людзі, як яны выглядаюць, што хочуць сказаць гэтым мерапрыемствам. І пабыўшы там, я пачаў лепш разумець гэтых людзей. Маё стаўленне да іх стала менш катэгарычным», – распавёў ён і дадаў, што «нічога страшнага» у гей-прайдзе няма.

На яго думку, такая акцыя можа таксама праводзіцца ў Менску, бо зʼяўляецца правам грамадзянаў, а «улады павінны паспрыяць правядзенню такога мерапрыемства, калі яно не будзе парушаць заканадаўства».

Сойм ПБНФ разгледзіць апошнія падзеі

У каментары нашаму карэспандэнту Рыгор Кастусёў адзначыў, што ў партыі вырашылі не каментаваць сыход Аляксандра Стральцова, пакуль апошнія падзеі не будуць разгледжаныя на партыйным сойме. Сойм мусіць адбыцца ўжо ў гэтую суботу, 29 чэрвеня.

У сваю чаргу былы старшыня ПБНФ, а сёння намеснік старшыні Аляксей Янукевіч распавёў, што перад соймам адбудзецца паседжанне палітычнай камісіі, на якім усё азначанае будзе абмеркаванае.

«Магчыма, мы вынесем на разгляд сойму гэтую сітуацыю, але калі такое адбудзецца, то я буду выступаць за тое, каб гэта было ў закрытым фармаце», – заявіў палітык.

Аляксандр Стральцоў быў сябрам Беларускага народнага фронту з 1990 году. У 1999-2003 гадах ён ужо прыпыняў сваё сяброўства ў партыі на знак нязгоды з падзелам партыі на КХП-БНФ на чале з Зянонам Пазняком і ПБНФ, якую ўзначаліў Вінцук Вячорка. У 2003-2007 гадах Стральцоў быў намеснікам старшыні Міжнароднай камісіі ПБНФ, а ў 2009-2011 гадах узначальваў Камісію партыйнага навучання. У 2011 годзе ён быў упершыню абраны намеснікам старшыні партыі.

09:55 29/06/2019


Загрузка...
Загрузка...