АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Еўрапейскія гульні ў Мінску Выбары-2019 Змяненне Канстытуцыі Курапаты Беларусь-Расія Забойства Паўла Шарамета

Віталь Воўк стаў гендырэктарам МТЗ. Год таму Лукашэнка абяцаў яго пасадзіць

Аляксандр Лукашэнка даў згоду на прызначэнне былога міністра прамысловасці Вітала Воўка генеральным дырэктарам Менскага трактарнага заводу. «Не сумняваюся, ты ведаеш, што там трэба рабіць», – цытуе Лукашэнку ягоная прэс-служба.


«МТЗ, МАЗ, БелАЗ мы загубіць не можам. Гэта нашы стратэгічныя прадпрыемствы. Там дзясяткі тысяч людзей працуюць. Гэта наш гонар. Як без машынабудавання? Не можа эканоміка развівацца без трактара і аўтамабіля. Мы ўсё гэта ўмеем рабіць, гэта трэба захаваць», – падкрэсліў Лукашэнка Воўку.

Разам з тым Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў, каб новы кіраўнік не разлічваў на бязмежнае дзяржаўнае падтрыманне.

«Трэба забыцца пра тое, што льготы нейкія, можна імі карыстацца. Ёсць куды ў дзяржаве марнаваць грошы. МТЗ грошы павінен зарабляць, – канстатаваў ён. – Задача толькі адна – эфектыўная, рэнтабельная праца. Усе. А далей рабі тое, што лічыш патрэбным. Ведаю, ты не горш за мяне разбіраешся і разумееш, як і што рабіць».

Нагадаем, 13 жніўня 2018 года падчас візіту ў Воршу Аляксандр Лукашэнка рэзка раскрытыкаваў тагачаснага міністра прамысловасці Віталя Воўка. «У яго выбар адзін: або турма, або сюды (на Аршанскі інструментальны завод – belsat.eu), – публічна пра гэта кажу», – заявіў Лукашэнка. Лукашэнка паабяцаў адправіць Воўка працаваць на Аршанскі інструментальны завод ужо заўтра, то бок 14 жніўня.

16 жніўня Воўк быў звольнены з пасады міністра прамысловасці. Аднак у Воршу ён так і не паехаў. Летась у верасні Лукашэнка прызначыў Віталя Воўка памочнікам прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – інспектарам па Віцебскай вобласці. Пасля прызначэння Воўка на пасаду гендырэктара МТЗ, пасада інспектара па Віцебскай вобласці засталася вольнай.

belsat.eu
18:26 11/06/2019


Загрузка...
Загрузка...