АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Еўрапейскія гульні ў Мінску Выбары-2019 Змяненне Канстытуцыі Курапаты Беларусь-Расія Забойства Паўла Шарамета

Павел Вінаградаў: Зачысткі актывістаў перад Еўрапейскімі гульнямі будуць

21 чэрвеня ў Беларусі стартуюць Еўрапейскія гульні, што можа стаць падставай, каб адправіць многіх актывістаў на час правядзення спаборніцтваў “на суткі”.



Актывіст Павел Вінаградаў, які ў пэўным сэнсе таксама стаў ахвярай рэпрэсіўнай сістэмы падчас правядзення ў беларускай сталіцы чэмпіяната свету-2014, распавёў сайту palitviazni.info пра тое, ці магчымы і сёлета такі сцэнар.

У 2014 годзе напярэдадні чэмпіяната свету па хакеі адвольныя затрыманні і арышты актывістаў набылі масавы характар. Людзей затрымлівавлі па сфальсіфікаваных і аднатыпных абвінавачваннях — “дробнае хуліганства” альбо “непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі”.

Суды фармальна падыходзілі да разгляду адміністратыўных спраў і ў выніку дзесяткі людзей апынуліся падчас правядзення чэмпіяната за кратамі.

Пазней праваабаронцы называлі гэтую праяву “адвольнымі затрыманнямі грамадзянаў без прававых на тое падставаў напярэдадні важных палітычных ці грамадскіх падзеяў з мэтай ізаляцыі актывістаў для недапушчэння іх удзелу ў публічных вулічных акцыях, стасункаў з міжнароднымі дэлегацыямі ці прэсай, іншых відах палітычнай і грамадзянскай актыўнасці”.

Ці магчымы такі варыянт развіцця падзей і гэтым разам?

– У дачыненні да мяне напярэдадні чэмпіяната свету па хакеі дзейнічалі нетрадыцыйным метадам, – кажа Павел Вінаградаў. – Калі многіх проста хапалі, судзілі ні за што і кідалі за краты”, то да мяне завітаў вельмі сарамлівы інспектар міліцыі і патлумачыў сітуацыю.

Па яго словах, у мяне не багаты выбар, начальства паставіла задачу ізаляваць найбольш актыўных. Таму мне патрэбна альбо адпраўляцца за краты, альбо пакінуць межы горада. Міліцыянер прапанаваў мне другі варыянт, каб я з’ехаў на нейкі час у Беразіно і пажыў там з бацькам.

Натуральна, мне не вельмі хацелася за краты, таму “грандыёзны спартыўны форум” я перасядзеў за Мінскам. У мяне тады быў нагляд, я не меў права пакідаць раённы цэнтр. Сілавікі былі ўпэўнены, што я не патрывожу гасцей сталіцы сваімі акцыямі.

– Няўжо вы былі такія небяспечныя для гасцей?

– Мы насамрэч планавалі на вуліцах Мінска шэраг акцый у той час, калі праходзіла першынство. Дарэчы, меркавалі, што пакуль у краіне знаходзяцца замежныя балельшчыкі і журналісты, чапаць нас не будуць, каб не псаваць імідж улады.

Думалі, што падчас гульняў ладзіць розныя перфомансы, каб указаць людзям на шэраг праблем, будзе бяспечней, але аказалася інакш. Ды і замежнікам хацелася паказаць сапраўдную Беларусь, а не тую, якую прэзентавалі чыноўнікі. Улады вырашылі, што лепш нас прэвентыўна затрымаць, чым цярпець падчас чэмпіяната.

Ведаю, што такія размовы наконт рознага кшталту акцый падчас буйных спаборніцтваў заўсёды раней былі сярод актывістаў, але, шчыра кажучы, ужо ад гэтага адышоў.

– У Беразіно за вамі таксама быў нагляд?

– Безумоўна. Пастаянна правяралі, міліцыянеры маглі чатыры разы на ноч прыйсці. І, барані Божа, каб некуды з’ехаў, ім бы тады таксама галаву адкруцілі, за тое, што мяне не даглядзелі.

Да слова, такія рэпрэсіі ў дачыненні да мяне ўжывалі не толькі перад хакейным першынством, але і напярэдадні іншых буйных масавых мерпарыемстваў – да Дня незалежнасці альбо Дня волі.

– Ці магчымы зачысткі актывістаў перад Еўрапейскімі гульнямі?

– Мяркую, прэвентыўныя затрыманні будуць, але бліжэй да пачатку гульняў, бо трэба, каб чалавек быў ізаляваны на ўвесь час спаборніцтваў.

Таму ўсім актывістам хацеў бы параіць: калі не хочаце апынуцца за кратамі, лепш з’ехаць на гэты час за межы горада.



10:11 11/06/2019


Загрузка...
Загрузка...