АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Перапiс - 2019 Закон аб адтэрміноўках Выбары-2019 Змяненне Канстытуцыі Беларусь-Расія Забойства Паўла Шарамета

Аляксандр Фядута. Сыходзячы – сыходзь! Куды і чаму адправілі Шуневіча

Аляксандр Лукашэнка задаволіў просьбу Ігара Шуневіча адпусціць яго з пасады міністра ўнутраных спраў. Сам Ігар Анатольевіч заявіў, што ініцыятыва зыходзіла ад яго самога, ён, маўляў, падаў сёння прэзідэнту рапарт, і той яго цалкам задаволіў.


Аляксандр Фядута. Сыходзячы – сыходзь! Куды і чаму адправілі Шуневіча
Добра сказана.

Сышоў чалавек, які аддае перавагу форму НКВД параднай форме дзеючага міліцэйскага генерала; які прымусіў падпарадкаваных пільнаваць металічнага ідала ў форме царскага нахабніка; які справакаваў дзеяннямі спецназа распаўсюджванне па свеце фотаздымкаў, на якіх здаровыя жлабы цягнуць бяскрыўднага старога. Ну, гісторыю з цыганамі ці, скажам, з брытанскім пасольствам можна не працягваць – гэта ўсё проста справы нядаўна мінулых дзён, а не «паданні даўніны глыбокай», кажучы словамі нядаўняга паэтычнага юбіляра. Таму звольнілі Шуневіча, так бы мовіць, па сукупнасці.

Пытанне ў іншым – куды і як звольнілі. Гэта гаманец можна апаражніць і выкінуць (гл. лёсы Івана Ціцянкова, Галіны Жураўковай, нават Юрыя Чыжа). Гэта злёгку заржавелае «залатое пяро» Беларусі адным махам выкідваюць у сметніцу. А пісталет, скажам, ці дубінку проста так не выкідваюць – бо хтосьці можа і падабраць. Таму Шэйман навечна прыкаваны наручнікамі да кіраўніка дзяржавы. А цяпер яму цалкам можа скласці кампанію і Шуневіч.

А што ў гэтым такога? Безразважлівую адданасць ён даказаў. Што не занадта інтэлектам бліскае, хоць і клянецца ў любові да тэатра, – так што з таго? «Высакалобыя» і «яйкагаловыя» у нашай улады даўно ўжо не ў пашане. Патрэбныя людзі, гатовыя выканаць любы загад, – з такімі спакайней. І Шуневіч як раз з іх ліку.

Давайце пачакаем афіцыйнай адстаўкі Станіслава Зася. Станіслаў Васільевіч ужо ўзгоднены на пасаду генеральнага сакратара АДКБ, і калі вакансія пасля яго вызваліцца, то Ігар Анатольевіч цалкам можа заняць яго месца. І калі зойме – паверце, некаторы яго ўплыў на палітычную сітуацыю ў Беларусі захаваецца. Магчыма, нават узмоцніцца. Я, як і многія, вядома, хацеў бы, каб Шуневіч сышоў – сыходзячы. І дзверы за сабой зачыніў больш надзейна. Але мы хочам аднаго, а ў таго, хто падпісвае ўказы аб прызначэнні і адстаўцы шуневічаў, цалкам могуць быць свае планы.

Увогуле, пачакаем. Будзем лічыць пакуль, што мы маем справу з ракіроўкаю, а не з поўнай адстаўкай з правам насіць форму. Проста прэзідэнт думае ў які менавіта бок адсунуць вернага байца.

15:43 10/06/2019


Загрузка...
Загрузка...