АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Еўрапейскія гульні ў Мінску Выбары-2019 Змяненне Канстытуцыі Курапаты Беларусь-Расія Забойства Паўла Шарамета

Лідар БНФ Рыгор Кастусёў схадзіў у Вільні на гей-парад

Падчас паездкі ў Літву старшыня партыі БНФ Рыгор Кастусёў наведаў гей-парад у Вільні. Кажа, баяцца такіх мерапрыемстваў не варта.


«Я ездзіў у Вільню з 5 па 8 чэрвеня, літоўцы запрасілі наведаць Ігналінскую АЭС, азнаёміцца з праблемамі. У гэты ж час праходзіў вялікі Балтыйскі гей-прайд. Была магчымасць паглядзець на гэтае мерапрыемства, і я вырашыў схадзіць. Сам парад не бачыў, паглядзеў толькі, як фарміравалася калона, - кажа Рыгор Кастусёў. —

Чаму я вырашыў схадзіць: апошнім часам у Беларусі гэтая тэма набывае больш моцнае гучанне. Лукашэнка выказваецца, Шуневіч… У мяне склалася ўражанне, што на гэтую тэму ўсе размаўляюць. А не паглядзеўшы на свае вочы, што ж гэта такое, складана сфарміраваць свой асабісты падыход і каментаваць гэтую тэму».

Аказалася, што ўсё не так страшна, кажа палітык.

«Мне як беларускаму палітыку цікава было паглядзець, што гэта за мерапрыемства, што гэта за людзі, як яны выглядаюць, што хочуць сказаць гэтым мерапрыествам. І пабыўшы там, я пачаў лепш разумець гэтых людзей. Маё стаўленне да іх стала менш катэгарычным, — кажа Кастусёў. — Людзей было шмат, прыходзілі і сем’ямі, і з дзеткамі. І галоўнае, што з боку іншых грамадзян і турыстаў не было варожага стаўлення да людзей нетрадыцыйнай арыентацыі.

У Беларусі, на жаль, зусім іншы падыход. Каб такое шэсце было ў Беларусі, то стаўленне і ўладаў, і многіх грамадзянаў было б іншым.

Але мы мусім прызнаць, што сярод нас людзей з нетрадыцыйнай арыентацыяй вельмі шмат. Яны жывуць сярод нас. І ўлады, і палітыкі мусяць зрабіць так, каб такія людзі адчувалі сябе нармальна і камфортна. Каб іх не забівалі, каб на іх не нападалі.

Я цяпер, паглядзеўшы на мерампрыемства, пабачыў, што нічога страшнага ў гэтым няма. Я, канечне, больш схіляюся да пазіцыі, што не варта выносіць на публіку пытанне, з кім ты спіш.

Але мяне як беларускага палітыка хвалюе не толькі бяспека і небяспека гэтых людзей. Мы імкнемся ў Еўрасаюз. І ўваход туды шчыльна звязаны з вырашэннем пытання ЛГБТ і стаўлення да іх і ўлады, і грамадства. Гэтую тэму раней ці пазней Беларусі прыйдзецца ўзняць».

Кастусёў прызнае, што ён — чалавек вельмі кансерватыўных хрысціянскіх поглядаў. Але, кажа, пытанне бяспекі і камфорту грамадзяніна не павінна залежаць ад яго арыентацыі:

«Калі міністр унутраных спраў называе такіх людзей «дзіравымі» — гэта ненармальна. Гэта падштурхоўвае ўсё грамадства да негатыву, падлівае бензін у агонь замест таго, каб той негатыў стрымліваць».

На думку Кастусёва, гей-парад у Мінску — права грамадзян Беларусі.

«Улады павінны паспрыяць правядзенню такога мерапрыемства, калі яно не будзе парушаць заканадаўства. Бо гэта права грамадзян незалежнай дзяржавы», — падкрэсліў Рыгор Кастусёў.

15:35 10/06/2019


Загрузка...
Загрузка...