АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Еўрапейскія гульні ў Мінску Выбары-2019 Змяненне Канстытуцыі Курапаты Беларусь-Расія Забойства Паўла Шарамета

Куды падзеліся больш за 700 тысяч беларускіх выбаршчыкаў?

Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) прааналізавала адкрытыя дадзеныя пра колькасць выбаршчыкаў і прыйшла да высновы, што тых, хто мае права голасу, больш за лічбу, якую агучвае Цэнтрвыбаркам.


Куды падзеліся больш за 700 тысяч беларускіх выбаршчыкаў?
– Нядаўна Цэнтрвыбаркам зацвердзіў сярэднюю колькасць выбаршчыкаў на выбарчай акрузе па выбарах у Палату прадстаўнікоў – 62.934, – тлумачыць “Народнай Волі” старшыня БСДП Ігар Барысаў. – Шляхам самай простай арыфметычнай аперацыі – памнажэння на 110 выбарчых акруг – атрымліваем, што ў Беларусі 6.922.740 выбаршчыкаў, якія маюць права ўдзельнічаць у галасаванні на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў VII склікання.

Гэтая лічба цалкам супадае з колькасцю выбаршчыкаў на выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў XXVIII склікання. Праўда, з адным нюансам – падчас мясцовых выбараў мелі права голасу больш за 100.000 грамадзян Расіі, якія маюць від на жыхарства ў Беларусі. Але на парламенцкіх выбарах яны права голасу не маюць, таму мы іх мінусуем ад лічбы, агучанай Цэнтрвыбаркамам і атрымліваем 6.822.740 чалавек.

Паводле звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэта на пачатак 2019 года колькасць беларусаў складала 9.475.200 чалавек.

Колькасць жыхароў Беларусі ва ўзросце 0–17 год – 1.868.329 чалавек.

Паводле звестках tut.by, на канец 2016 года ў беларускіх турмах знаходзілася 34.600 чалавек, якія ў адпаведнасці з Канстытуцыяй пазбаўлены права голасу.

Паводле інфармацыі старшыні “Офіса па правах людзей з інваліднасцю” Сяргея Драздоўскага, колькасць грамадзян, якія прызнаны судом недзеяздольнымі і якія таксама не маюць права голасу, складае каля 25.000 чалавек. Сюды ўваходзяць 14.000 чалавек, якія знаходзяцца ў псіханеўралагічных інтэрнатах, а таксама тыя, каго даглядаюць у хатніх умовах.

Такім чынам робім разлік:

9.475.200 (жыло ў Беларусі на пачатак 2019 г.) – 1.868.329 (дзяцей ва ўзросце 0–17 гадоў, якія не маюць права голасу, лічбы на пачатак 2019 года) – 34.600 (знаходзіліся ў пенітэнцыярных установах) – 25.000 (колькасць недзеяздольных грамадзян у РБ) = 7.547.271 выбаршчык.

Гэта прыкладная колькасць выбаршчыкаў (з невялікай пагрэшнасцю), якія маюць права галасаваць.

Ад 7.547.271 мінусуем вызначаную ЦВК 6.822.740 выбаршчыкаў і атрымліваем 724.531 – гэта лічба выбаршчыкаў, якія некуды зніклі.

Трэба дадаткова адзначыць, што беларусы, якія пражываюць за мяжой і маюць пашпарты серыі PP, не ўключаны ў агульны спіс выбаршчыкаў. У Цэнтрвыбаркаме сцвярджаюць, што іх колькасць невялікая, аднак ці так гэта сапраўды, дазнацца амаль немагчыма.

Хацелася бы пачуць ад улады ўцямныя тлумачэнні, куды падзеліся каля 700 тысяч выбаршчыкаў.

09:43 09/06/2019


Загрузка...
Загрузка...