АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Літва павялічвае армію амаль у 1,5 разу. Як гэта паўплывае на Беларусь?

На гэтым тыдні ўрад Літвы прыняў план павелічэння колькасці асабовага складу нацыянальных узброеных сілаў – з 10,9 тысячаў да 14,5 тысячаў кадравых жаўнераў. Праграма будзе выкананая цягам 2019–2028 гадоў, паведаміла Міністэрства абароны Літвы.


Адзначаецца, што бюджэт будзе адпавядаць рэкамендацыям NATO – не больш за 50 % выдаткаў на абарону будзе прызначацца на ўтрыманне людзей, усе астатнія сродкі пойдуць на новыя ўзбраенні, тэхніку боепрыпасы, рыштунак, паліва.

«Гэта павелічэнне фінансавання і павелічэння якасці арміі. Апошнія вучэнні паказалі, што войска Літвы, асабліва тэхнічныя падраздзяленні, не зусім адпавядаюць патрабаванням. Прычына – занепакоенасць нарошчваннем сілаў РФ у Калінінградскім раёне», – сказаў ваенны аглядальнік Аляксандр Алесін «Белсату».

Эксперт мяркуе, што рост прысутнасці сілаў NATO побач з Беларуссю ў сувязі з расейскай агрэсіяй супраць Украіны можа аслабіць пазіцыі афіцыйнага Менску ў перамовах з Масквой. У выніку Масква можа прымусіць Менск да стварэння на беларускай тэрыторыі сваіх вайсковых базаў.

«Я лічу, што гэтае нарошчванне сілаў NATO, у тым ліку ў Польшчы, можа прывесці да таго, што тут з’явіцца значны расейскі вайсковы кантынгент – верагодней усяго, некалькі брыгадаў аператыўна-тактычных ракетных комплексаў Іскандэр, якія могуць несці і атамную зброю. Беларускаму боку будзе вельмі складана супраціўляцца нарошчванню расейскіх сілаў на сваёй тэрыторыі», – кажа Аляксандр Алесін.

Аляксандр Гелагаеў belsat.eu


09:15 08/06/2019


Загрузка...
Загрузка...