АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Перапiс - 2019 Закон аб адтэрміноўках Выбары-2019 Змяненне Канстытуцыі Беларусь-Расія Забойства Паўла Шарамета

Дваіх расіян затрымалі за фота каля скульптуры гарадавога ў Мінску

У Мінску чарговыя затрыманні каля скульптуры гарадавога. На гэты раз у міліцыю трапілі расійскія турысты, якія сфатаграфаваліся каля статуі. Сваю гісторыю распавяла карыстальніца pikabu.ru пад нікнэймам sImoRENka.


Дзяўчына са сваім маладым хлопцам Кірылам прыехалі ў Мінск як турысты. Пабачыўшы вулічную скульптуру чалавека з сабачкам, яны вырашылі сфатаграфавацца каля яе. 

"Гэта я цяпер спецыяльна трошкі, і даведалася, што з гэтым помнікам наогул нічога рабіць нельга. Але мы ж звычайныя турысты, скульптур у Мінску веееееельмі шмат, пра кожную не начытаешся. А побач (прашу заўважыць!) ніякай папераджальнай шыльдачкі не стаіць, і агароджы няма. І вось бачым мы сімпатычнага бронзавага мужчыну з сабачкам і ідзем фатаграфавацца", — распавядае расіянка.

На хлопцу пры гэтым была кофта з прынтом шкілета. Ён сфатаграфаваўся, як выглядвае з-за гарадавога. Пасля гэтага турысты адышлі ад скульптуры, але далёка сысці не здолелі.

"Не паспелі прайсці і аднаго дома, як да нас з двух бакоў падрулілі супрацоўнікі міліцыі. Гутарка выйшла нядоўгай. Яны спыталі, што мы рабілі з помнікам, пераканаліся, што мы "проста сфатаграфаваліся", што гэта не "маска", а каптур, і што мы не хуліганы. Але папрасілі выдаліць фатаграфіі. Ок, добра, калі такія праблемы — выдалілі. І нас адпусцілі.

Рана радаваліся. Як сказаў нам потым адзін супрацоўнік міліцыі, "трэба было па-хуткаму драпаць адтуль". Але мы ж неспрактыкаваныя: думаем, калі адпусцілі, значыць усё ок. Ха!

Дайшлі мы да скрыжавання, і нас зноў даганяе міліцыянт. А потым іх раптам становіцца чацвёра. Неяк зашмат. І яны ўжо пачынаюць патрабаваць пашпарт, прайсці з імі "да высвятлення абставінаў". І аказваецца, мы ўжо "затрыманыя". На просьбы патлумачыць, што наогул здарылася, і чаму нас затрымалі, супрацоўнікі то адмоўчваліся, то казалі, што "ўсё будзе добра", то адмахваліся фразай аб "адміністрацыйным парушэнні". Блін, ды што мы парушылі ?! Нельга фатаграфавацца? Кажуць, можна. І быццам бы не маска ў вас, а кофта — таксама не забаронена... Тады што нельга? "О! — кажуць. — Вы ззаду гарадавога на пастамент ўсталі, гэта вандалізм!" І хрэн з ім, што пастамента там няма".

Затрыманых турыстаў завялі спярша ў музей МУС, потым вывезлі ў РУУС, дзе яны правялі некалькі гадзін. Потым урэшце адпусцілі: "Сказалі, каб мы не крыўдзіліся, лічылі ўсе гэта пацешнай прыгодай і прыязджалі часцей у госці ў Мінск".

На заўвагу турыстаў, што ім цяпер пешшу дабірацца паўгадзіны ў цэнтр, міліцыянты параілі... ехаць "зайцамі" і хутка ўцякаць ад кантралёраў. 

Нагадаем, што скульптура гарадавога пастаянна становіцца крыніцай скандальных гісторыяў. Апошняя па часе адбылася ў сакавіку, калі студэнтку, якая жартам замахнулася нагой на вулічную статую, пратрымалі двое сутак за кратамі. Самым вядомым быў выпадак, калі падлетак даў гарадавому аплявуху, пасля чаго прасіў у скульптуры прабачэння на відэа. Міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч заявіў, што аўтарства ідэі з гэтым відэа належыць яму. 
09:56 16/05/2019


Загрузка...
Загрузка...