АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Забруджаная нафта Харчовыя войны Курапаты Беларусь-Расія Выбары-2019 Забойства Паўла Шарамета

Вынікі прэзідэнцкіх выбараў у Літве: розніца паміж кандыдатамі склала 0,18%

Будзе другі тур з закручанай інтрыгай.

Вынікі прэзідэнцкіх выбараў у Літве: розніца паміж кандыдатамі склала 0,18%
12 мая ў Літве прайшоў першы тур прэзідэнцкіх выбараў і два рэферэндумы (аб скарачэнні колькасці дэпутатаў і пашырэнні падвойнага грамадзянства). Зараз ідзе падлік галасоў, піша НН

Пасля падліку галасоў на 1 972 участках перамагае кансерватар Інгрыда Шыманіце — 31,13%, эканаміст Гітанас Наўседа — 30,95%, прэм'ер Саўлюс Сквярняліс — 19,72%.

Прычым Шыманіце скараціла адставанне і ўпэўнена абагнала Сквярняліса, бо пасля вынікаў на першых участках прэм'ер перамагаў з вынікам ледзь не 5%.

Сацыял-дэмакрат Віцяніс-Повілас Андрукайціс набірае 4,79%, філосаф, адзін з заснавальнікаў «Саюдзіса» Арвідас Юозайціс — 4,69%, лідар Выбарчай акцыі палякаў Літвы Вальдэмарас Тамашэўскі — 4,00%, Mіндаўгас Пуйдокас — 2,58%, Нагліс Пуцейкіс — 0,79%, Валянцінас Мазуроніс — 0,65%. 

Яўка на выбарах склала 56%

Вынікі крыху сенсацыйныя, бо папярэднія апытанні аддавалі першае месца Шыманіце. А Сквярняліс толькі нядаўна меў, паводле тых жа апытанняў, усяго 16%.

Гітанасу Наўседу — 55 гадоў, ён вядомы банкір і эканамічны дарадца. Быў дарадцам прэзідэнта Валдаса Адамкуса (2004—2009), галоўны эканаміст банка SEB. Наўседа — жанаты, у яго дзве дачкі.

Інгрыдзе Шыманіце — 45, яна была міністрам фінансаў у 2009—2013 гг., затым намеснікам старшыні Банка Літвы. Кандыдат ад Саюза Айчыны — хрысціянскіх дэмакратаў. Не замужам, дзяцей няма. Выйграла праймерыз у дыпламата Вігаўдаса Ушацкаса з вынікам 78%.

Саўлюсу Сквярнялісу — 48. З адукацыі ён інжынер-матэматык, але вырашыў зрабіць паліцэйскую кар'еру. Прайшоў усе прыступкі: ад дарожнага інспектара ў Тракаі да генеральнага камісара паліцыі і міністра ўнутраных спраў. Яго партыя «Саюз зялёных і сялян» у 2016 г. выйграла выбары, і Сквярняліс узначаліў урад. Саўлюс жанаты, у яго дачка і сын.

Сквярняліс паабяцаў, што калі не пройдзе ў другі тур, то падасць у адстаўку і з пасады прэм'ера.

Сквярняліс затым позна ўвечары прызнаў, што не прайшоў у другі тур.

Даля Грыбаўскайце адбыла два тэрміны, таму балатавацца не магла.

Другі тур — 26 мая, у гэты ж дзень пройдуць выбары ў Еўрапарламент.


08:49 13/05/2019


Загрузка...
Загрузка...