АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Віктар Ерафееў: дыктатура ў Беларусі злёгку афарбавалася ў нацыянальныя колеры

Расійскі пісьменнік Віктар Ерафееў напісаў артыкул пра Беларусь у адной з вядучых газет Германіі Frankfurter Allgemeine Zeitung. Перад гэтым ён пабываў у нашай краіне. Пераклад публікацыі ў скароце з'явіўся на сайце nn.by.

Віктар Ерафееў: дыктатура ў Беларусі злёгку афарбавалася ў нацыянальныя колеры
Паводле Ерафеева, у Беларусі адбыліся "заўважныя змены палітычнага клімату" і наша краіна "прачнулася", а раней "спала цяжкім сном дыктатуры". Паспрыялі гэтаму падзеі ў Крыме і на Данбасе.

"Тое, што Беларусь прачнулася, не значыць, што яна скінула дыктатуру, — піша Віктар Ерафееў. — Але выглядае на тое, што дыктатура трохі перайначылася. Яна злёгку афарбавалася ў нацыянальныя колеры, зрабіла мяккую беларусіфікацыю".

Улады Беларусі пайшлі на такі крок вымушана, піша аўтар публікацыі: "Лукашэнкаўская дыктатура здагадалася, што ў яе адбяруць ўладу. А разам з уладай выкрадуць і ўсю краіну". Хто гэта зробіць? "Лепшы сябар, усходні сусед, Расія", — падкрэслівае пісьменнік.

Ерафееў параўноўвае ўплыў на грамадства беларускай і расійскай апазіцыі, і аддае перавагу першай. "Інтэлектуальны Мінск спачувае палітычнай апазіцыі", — піша ён. У расійскага пісьменніка склалася ўражанне, што "маладая інтэлігенцыя Мінска цешыцца новай ступенню свабоды, самой магчымасцю дыскусіі".

Віктар Ерафееў адзначае, што беларускае грамадства знаходзіцца ў складаным становішчы ў дачыненні да ўлады, паколькі "Лукашэнка стаў адзіна надзейным гарантам незалежнасці Беларусі". У той жа час наша краіна "адколваецца і як крыга адплывае ад Расіі". І калі Уладзімір Пуцін хоча "прарвацца да межаў Польшчы", то яму гэта трэба рабіць "як мага хутчэй", піша пісьменнік.

Ерафееў хваліць працавітых беларусаў, іх рэлігійную памяркоўнасць, дагледжаныя палі і добрыя дарогі. Ён згадвае пра беларускую гісторыю — пра ВКЛ, якое беларусы лічаць уласнай дзяржавай.

"Беларусь сплывае да цывілізацыі, якая ёй гістарычна бліжэйшая, — адзначае аўтар публікацыі ў нямецкай газеце. — На гэтым шляху яе будуць чакаць усялякія нечаканасці... У беларускай інтэлігенцыі ідзе разварот ад антыкаланіяльнага дыскурсу, які звязаны з мінулым Беларусі, да посткаланіяльнага, звернутага да будучыні".

Ерафееў перакананы, што ў Беларусі свой шлях, яна не хоча лёсу Украіны, для яе непрымальны і "аншлюс". Ён раіць абыходзіцца з Беларуссю асцярожна, як з крыштальнай вазай.


17:51 10/05/2019


Загрузка...
Загрузка...