АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Грузія заклапочаная кібербяспекай вакол Чорнага мора і просіць дапамогі ў NATO

Прэзідэнт Грузіі Саломэ Зурабішвілі наведала Польшчу з трохдзённым візітам. Лейтматывам яе сустрэчы з польскім калегам Анджэем Дудам стала падтрымка Грузіі ў яе жаданні стаць сябрам NATO і Еўрапейскага cаюза, перадае "Еўрарадыё".

8 траўня на сустрэчы ў Варшаўскім універсітэце Зурабішвілі наўпрост казала, што Грузія з’яўляецца часткай Еўропы. З усіх сябраў праграмы Усходняга Партнёрства, якой сёлета спаўняецца 10 гадоў, менавіта Грузія прадэманстравала найлепшы вынік у інтэграцыі з ЕС: падпісала Дамову аб асацыяцыі і дамаглася безвіза для сваіх грамадзян. Што да супрацы з Паўночным альянсам, дык усё «адбываецца своечасова і знаходзіцца ў стане прагрэсу», – сказала Саломэ Зурабішвілі.

На фоне нядаўняй заявы пра немэтазгоднасць стварэння амерыканкай вайсковай базы ў Грузіі, за якую апазіцыя нават прыгразіла спадарыні прэзідэнтцы імпічментам, сённяшняе сцвярджэнне выглядала супярэчліва.

«Чорнае мора мусіць стаць бяспечным морам, – адказала Саломэ Зурабішвілі на пытанне Еўрарадыё наконт натаўскай вайсковай базы і пашырэння расійскага ўплыву ў рэгіёне. –  Насамрэч, Расія заўсёды намагаецца павялічыць і прысутнасць, і ціск, але мы бачым, што ў рэгіёне павялічваецца не толькі расійская прысутнасць. Таксама – і мы гэта мы горача вітаем – павялічваецца прысутнасць ваеннага флоту ЗША і іншых альянтаў, якія наведваюць грузінскія парты. І мы працуем над гэтым.

Наступны аспект, які мы хочам развіваць з NATO, – гэта кібербяспека. Гэта вельмі важна, бо Чорнае мора мусіць стаць морам узаемадзеяння, і ў гэтым кірунку ёсць шмат праектаў. І тое, што ідзе поруч з кібербяспекай, – гэта грузінская прапанова па стварэнні Цэнтра перадавога досведу ў сферы кібербяспекі, падобнага да таго, які сёння мае Літва. Пра гэта ўжо вяліся перамовы з кіраўніцтвам Паўночнаатлантычнага альянсу».

Дарэчы, “прысутнасць” Расіі, з якой Грузія пасля вайсковага канфлікту 2008 года знаходзіцца ў стадыі дыпламатычнага канфлікту, узмацняецца не толькі на моры, але і на сушы. Грамадзяне Расіі актыўна скупаюць нерухомасць у курортным горадзе Батумі і ў грузінскай сталіцы – Тбілісі.

21:18 08/05/2019


Загрузка...
Загрузка...