АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Забруджаная нафта Харчовыя войны Курапаты Беларусь-Расія Выбары-2019 Забойства Паўла Шарамета

Ярмошына: Усе размовы пра рэфэрэндум — гэта фэйк

Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына будзе прапаноўваць кіраўніку дзяржавы Аляксандру Лукашэнку правесьці выбары ў Палату прадстаўнікоў у нядзелю 17 лістапада 2019 году. У якасьці запаснога варыянту можа разглядацца дата 3 лістапада.

«Я ўжо запісалася на прыём да прэзыдэнта. Але пакуль мне не паведамляюць дату нашай сустрэчы. Кіраўнік дзяржавы днямі ляціць у Кітай. Таму, думаю, ён мяне прыме дзесьці ў першай палове траўня», — заявіла Свабодзе Лідзія Ярмошына.

Яна таксама паведаміла, што Цэнтарвыбаркам ужо пачаў «тэхнічную працу» да выбараў.

«На наступным тыдні з абласьцей прышлюць прапановы па межах выбарчых акруг. Будзем іх удакладняць. Ужо разаслалі ўсім нашы мэтадычкі. Спадзяюся, што ў сярэдзіне траўня правядзём першае пасяджэньне выбарчай камісіі».

На пытаньне Свабоды, ці будзе яна прапаноўваць Лукашэнку і дату правядзеньня выбараў прэзыдэнта, Ярмошына адказала адмоўна.
 
«Не. Я тэму прэзыдэнцкіх выбараў закранаць не зьбіраюся. Іншая справа, што пра гэта можа нешта сказаць кіраўнік дзяржавы. Тады будзем абмяркоўваць. Але найхутчэй размова абмяжуецца толькі выбарамі ў Палату прадстаўнікоў».

Старшыня ЦВК таксама заявіла, што правядзеньне адначасова з выбарамі ў Палату прадстаўнікоў рэфэрэндуму не плянуецца.

«Усе размовы пра рэфэрэндум — гэта фэйк», — сказала Лідзія Ярмошына.

16:12 24/04/2019


Загрузка...
Загрузка...