АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Закон аб адтэрміноўках Выбары-2019 Змяненне Канстытуцыі Курапаты Беларусь-Расія Забойства Паўла Шарамета

Макей: Курапаты павінны быць добраўпарадкаваны, але рабіць там усё трэба акуратна, па-чалавечы

У МЗС Беларусі лічаць, што Курапаты павінны быць добраўпарадкаваным мемарыялам. Але добраўпарадкоўваць трэба «акуратна, па-чалавечы». Пра гэта журналістам заявіў кіраўнік МЗС Уладзімір Макей, піша Tut.by.




Нагадаем, раніцай 4 красавіка супрацоўнікі Бараўлянскага лясгаса пачалі зносіць і вывозіць крыжы ў Курапатах. Гэта 70 крыжоў, якія Зміцер Дашкевіч паставіў летам разам з іншымі актывістамі уздоўж лесу.

Як распавялі Tut.by тры не звязаныя паміж сабой крыніцы, пасля зносу крыжоў МЗС Беларусі правёў сустрэчу з еўрапейскімі дыпламатамі, каб патлумачыць сітуацыю з Курапатамі.

Сустрэча, паводле слоў Уладзіміра Макея, праходзіла па ініцыятыве МЗС, які «палічыў неабходным запрасіць дыпламатаў, каб патлумачыць ім некаторыя моманты, каб не ўзнікала нейкіх непатрэбных здагадак ці няправільных асацыяцый».

— Зразумела, што шмат людзей у грамадстве, у кожнага сваё меркаванне. І па-рознаму мы глядзім на падзеі, што адбываюцца ў нас у краіне і за мяжой. Але важна знаходзіць пункты судакранання, а не старацца і далей паглыбляць гэтую канфрантацыю, — сказаў Макей.

Па словах міністра, дыпламатам на сустрэчы «давялі афіцыйную пазіцыю».

— Курапаты павінны быць мемарыялам, мемарыял павінен быць добраўпарадкаваны. І мне здаецца, з пункту гледжання нармальнай агульначалавечай логікі зусім апраўдана, каб гэта было месца, куды маглі б прыйсці, хто хоча, пакланіцца, аддаць даніну памяці тым, хто там быў расстраляны і хто там пахаваны. Што тычыцца пытанняў добраўпарадкавання, любы чалавек падтрымае гэта. Мы давялі паслам, акрэдытаваным у Беларусі, пазіцыю ўрада краіны, — лічыць кіраўнік МЗС.

— Але ці павінна добраўпарадкаванне ўключаць у сябе знос крыжоў, якія былі ўсталяваныя за народныя грошы?

— У нас ёсць адпаведнае заканадаўства аб захаванасці помнікаў і памятных месцаў, трэба глядзець, ці было выканана заканадаўства пры ўсталёўцы тых ці іншых збудаванняў. Вядома, паступаць трэба акуратна, па-чалавечы. Але тут, я лічу, пункту гледжання надання гэтаму месцу такой значнасці, сапраўднага народнага мемарыяла, трэба зрабіць усё, каб гэта месца было агароджана з усіх бакоў, каб людзі маглі зайсці ўнутр, памаліцца, — сказаў Уладзімір Макей.


19:28 18/04/2019


Загрузка...
Загрузка...