АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Закон аб адтэрміноўках Выбары-2019 Змяненне Канстытуцыі Курапаты Беларусь-Расія Забойства Паўла Шарамета

Валянцін Стэфановіч: Улада імкнецца надаць палітычны кантэкст справе Зміцера Паліенкі

Следчы камітэт 5 красавіка паведаміў, што былому палітвязню Зміцеру Паліенку выстаўлена абвінавачванне адразу па трох артыкулах крымінальнага кодэксу: асабліва злоснае хуліганства (ч. 3 арт. 339), Распальванне расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці або розні (арт. 130), а таксама апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці (арт. 341).

Па дадзеных следства, 13 сакавіка прыблізна 20 гадзін «на лесвічнай пляцоўцы аднаго з дамоў па вуліцы Гурскага ў Мінску неўстаноўленая асоба ў адказ на заўвагу мужчыны пра курэнне ў пад'ездзе пырснула яму ў твар газ з газавага балончыка». Супрацоўнікамі міліцыі ў ходзе аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства 20 сакавіка быў затрыманы Зміцер Паліенка, паведамляў TUT.BY. 

Каментуючы прад’яўленае Паліенку абвінавачванне ў здзяйсненні асабліва злоснага хуліганства (ч.3 арт. 339 КК),, юрыст ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч адзначае, што праваабаронцы, на жаль, не ведаюць пакуль  усіх акалічнасцяў таго, што адбылося ў той дзень.

“Існуе дзве версіі падзеяў, –  адзначае праваабаронца. –  Паводле версіі Зміцера, ён быў вымушаны ўжыць газавы балончык у мэтах самаабароны супраць нецвярозага і агрэсіўнага грамадзяніна, які абражаў і ударыў яго. Паводле афіцыйна прад’яўленага абвінавачвання Зміцер нібыта ў адказ на заўвагу жыхара дома аб забароне палення ў пад’езде ўжыў у дачыненні да апошняга газавы балончык, здзейсніўшы такім чынам асабліва злоснае хуліганства.  Такім чынам маем два варыянты паводзінаў Змітра – дапушчальная самаабарона і злоснае хуліганства з ужываннем газавага балончыка. Але для таго каб мы паверылі ў версію, агучаную следcтвам, яно павінна прадаставіць нам досыць значныя доказы”.

Валянцін Стэфановіч нагадвае, што акрамя ч. 3 арт. 339 КК Паліенку  яшчэ раней было прад’яўлена абвінавачванне па арт. 141 КК (псаванне маёмасці) па факце нібыта нанясення ім графіці “Менты убивают”  на адным з будынкаў у Менску,  а таксама па арт. 130 КК (Распальванне расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці або розні). Абвінавачванне Паліенкі ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці выклікае асаблівую цікавасць у праваабаронцаў.

Як стала вядома праваабаронцам "Вясны", распальванне іншай сацыяльнай варожасці, паводле версіі следства, заключаецца ў распальванні варожасці ў дачыненні да такой сацыяльнай групы, як міліцыя. Следства па выніках экспертызы відэароліка, на якім невядомая асоба наносіць графіці "Менты убивают" на нейкім будынку, прызнала яго нічым іншым як распальваючым варожасць у дачыненні да сацыяльнай групы – міліцыі.

“Мы бачылі гэты ролік, ён і зараз даступны ў Інтэрнеце. Уся дзея  ў роліку адбываецца пад песню «Менты убивают молодых» вядомага аматарам яшчэ савецкага року, піцерскага гурта “Телевизор”. На прыканцы роліка з’яўляюцца некалькі забаўных плакацікаў, адзін з якіх з выявай міністра МУС Шуневіча з суправаджаючым яго нецэнзурным загалоўкам, – каментуе Стэфановіч. – У звязку з гэтым хацелася б адзначыць, што міліцыя не з’яўляецца сацыяльнай групай, як не з’яўляюцца сацыяльнай групай прадстаўнікі іншых дзяржаўных органаў і ўлада ў цэлым. 

Адпаведна, нельга казаць аб распальванні ў дачыненні да іх варажнечы. Такога кшталту кваліфікацыя з’яўляецца непісьменнай  і акрамя таго сведчыць аб жаданні ўладаў надаць палітычны кантэкст дадзенай крымінальнай справе. Пра што таксама сведчыць і артыкул нейкага А. Мукавозчыка ў найбуйнейшай дзяржаўнай газеце “Беларусь сегодня» (былая “Саўбелка”), у якім у парушэнне прынцыпа прэзумпцыі невінаватасці з Паліенкі лепяць вобраз злачынцы і распавядаюць аб  нібыта акалічнасцях справы,  якія яшчэ не былі даказаныя і ўстаноўленыя судом".

Валянцін Стэфановіч мае думку, што ўлады пераследуюць яшчэ і іншую мэту – правесці закрыты суд над Паліенкам, каб прадстаўнікі праваабрончай супольнасці і грамадства не змаглі ацаніць сутнасць гэтай справы.  А падазрэнні ў тым, што дадзеная крымінальная справа можа насіць неабгрунтаваны характар  у праваабаронцаў ёсць.

Нагадаем, зараз актывіст анархісцкага руху Паліенка застаецца пад вартай, у дачыненні да яго прызначаная стацыянарная судова-псіхолага-псіхіятрычная экспертыза.

12:20 16/04/2019


Загрузка...
Загрузка...