АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Закон аб адтэрміноўках Выбары-2019 Змяненне Канстытуцыі Курапаты Беларусь-Расія Забойства Паўла Шарамета

Суд над блогерам Пятрухіным: пракурор запрасіў два гады абмежавання волі дапоўнена

Суд Ленінскага раёна Берасця 15 красавіка працягне разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да вядомага блогера Сяргея Пятрухіна, якога абвінавачваюць па ч. 2 арт. 188 (“Паклёп”) і ч. 2 арт. 189 (“Абраза”) Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь. Справу разглядае суддзя Аляксандр Семянчук. 

Сяргей Пятрухін у судзе. Фота: ПЦ "Вясна".

У якасці пацярпелых выступаюць супрацоўнікі Ленінскага РАУС Сяргей Ігнацюк, Дзмітрый Якушэвіч, Ігар Галянціч і Сяргей Такун, піша spring96.org

Пачатак судовага паседжання прызначаны на 15 гадзін.

Сёння, як і ў мінулыя дні, загадзя на суд прыйшло шмат супрацоўнікаў міліцыі.  Запускалі па чарзе: СМІ, частка супрацоўнікаў міліцыі, частка грамадскасці, частка міліцыянтаў зноў

Пятрухін заявіў хадайніцтва аб допыце сведкі Камінскага, які нібыта стаў ахвярай збіцця адным з пацярпелых міліцыянтаў.

Адвакат пацярпелых супраць, пракурор таксама, пацярпелыя таксама супраць. Суддзя адмаўляе ў хадайніцтве.

Па факту збіцця сведкі Камінскага восем разоў адмаўлялася ва ўзбуджэнні крымінальнай справы.

Пачаліся судовыя спрэчкі. Пракурор пачаў са спасылкі на Усеагульную дэкларацыю правоў чалавека і Канстытуцыю. Кажа, што права на абарону гонару і годнасці прадугледжана асноўнымі дакументамі ў галіне правоў чалавека.

"Вінаватасць Пятрухіна падцвярджаецца матэрыяламі справы, якія былі вывучаны падчас судовага разбіральніцтва", — зачытвае пракурор падрыхтаваную прамову.

Таксама пракурор сцвярджае, што эксперт не можа прама адказаць на пытанне аб тым, ці мелі месца паклёп і абраза. 

"Гэта людзі навукі. Сваёй навукі. Гэта тое ж самае, што спытаць у яго, ці мела месца забойства. Заключэнне прафесара Лукашанца з'яўляецца толькі прыватным меркаваннем вучонага, якое не можа быць пакладзена ў аснову абвінавачання"- кажа пракурор.

Пракурор звяртае ўвагу суддзі, што дзейнасць Пятрухіна мае публічны характар.

"Раней судзімы не быў, але прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці. З'яўляецца ІП. Характарызуецца станоўча. Прашу прызнаць Пятрухіна вінаватым і прызначыць па арт 188 КК 100 б.в. па арт. 189 КК - абмежаванне волі на 2 гады з накіраваннем і спагнання шкоды на карысць пацярпелых".

Па сукупнасці - абмежаванне волі на 2 гады з накіраваннем з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хімія") і штраф. 

У спрэчкі ўступіла адвакатка пацярпелых, якая пачала адразу казаць пра Біблію і канстытуцыі развітых краін, а потым доўга абгрунтоўвала маральныя пакуты сваіх падабаронных. Падтрымлівае  просьбу даверыцеляў.

Адвакатка кажа, што пацярпелыя не заслугоўвалі фарміравання такога стаўлення з боку грамадства. Папрасіла, каб суд улічыў маральную шкоду: 3000 рублёў - Сяргею Ігнацюку; па 1 500 - астатнім. А таксама  прыбраць зневажальны ролік з інтэрнэту.

Кажа адвакатка Пятрухіна:

"Калі ў пракуратуры былі 8 разоў сумненні наконт збіцця Камінскага, ці быў ў дзеяннях Ігнацюка склад злачынства? То чаму ў Пятрухіна гэтая сітуацыя не можа выклікаць сумневы?"

Таксама адвокатка Пятрухіна ўказвае на блытаныя сведчанні пацярпелых. Ігнацюк адразу казаў, што наогул да Камінскага ня ўжывалася ніякае фізічнае ўздзеянне. Потым ён кажа, што не ўжывалася менавіта на тэрыторыі міліцыі ...

Просіць  апраўдаць Пятрухіна і ў задавальненні зыскаў адмовіць.

Другі адвакат адзначае, што ў яго практыцы ўпершыню сустракаецца, каб справа прыватнага абвінавачвання была ўзбуджаная пракурорам і разглядалася ў судзе.

Таксама ён адзначае, што для Пятрухіна звесткі перададзеныя Камінскім, не былi заведама ілжывымі. Апошні ж падаў звесткі ў адносінах да сябе, а не кагосці іншага. Яшчэ кажа, што свабоду выказвання меркавання мае кожны чалавек.

Напрыканцы адвакат адзначыў, што ён не аспрэчвае права пракурора ўзбуджаць справы, але справа тут у іншым - у адсутнасці ў дзеяннях Пятрухіна складу злачынства, прадугледжаных артыкуламі 188-189 КК. Просіць апраўдаць у межах усяго прад'яўленага абвінавачання.

Апошняе слова Пятрухіна:

"Усё, што я сказаў, гэта маё асабістае меркаванне. Зараз ідзе наступ на свабоду слова. У трэндзе і справа "Белта" і Белсат, і мая цяпер. На мой працэс пранікаюць супрацоўнікі міліцыі, а з залы выводзяць праваабаронцаў. Сюды не могуць патрапіць звычайныя грамадзяне".

Кажа, што сітуацыю з Камінскім асвятліў, таму што ўсе дзяржаўныя СМІ адмовіліся супрацоўнічаць з ім і дапамагаць.

Сяргей Пятрухін зыск не прызнае. Кажа, што да яго звярнуўся Камінскі, ён шмат да каго хадзіў і звяртаўся безвынікова. Падмацаваў свае словы дакументамі, маці падцвердзіла, ролік быў паказаны на Белсаце. Мінуў год, прэтэнзій не было… Таму не давяраць Камінскаму няма падстаў.

Тое, што Ігнацюк сістэматычна збівае людзей, пацвярджаецца паказаннямі сведак, якія былі дапытаныя ў судзе.

У апошнім слове блогер кажа, што ў міліцыянтаў часта не працуюць відэарэгістратары, і наогул шмат пытанняў, таму ён лічыць абавязкам папярэджваць людзей.
Пятрухін-суддзі:
"Кафку чыталі? Тут такі  ж абсурд!"

Кажа, што ўсе экспертызы манапалізаваныя дзяржавай. Прафесар Лукашанец - гэта велічыня. Калі параўнаць з экспертам Дудзінай, якая афіцыйна праводзіла экспертызу і выступала ў судзе, то гэта як генерал і прапаршчык!

"Я маю права выказваць меркаванне. Права крытыкаваць органы ўлады, і Вас (суддзяў) мне дадзена Канстытуцыяй. Вы нават на першым працэсе не патлумачылі мне права заяўляць адвод. Хоць па сутнасці, вы зацікаўленая асоба. Я калі пісаў, што Вы са сваім сабакам, якія далі мне колькі-то штрафу, можаце спакойна жыць. Праводзілася праверка, але справа бесперспектыўная ...

Гэта значыць, Вы маглі сказаць, што не хочаце ў гэтым удзельнічаць. Але не зрабілі гэта, што сведчыць аб працэсе, як заказным і палітычным ".

Цытуе заяву праваабаронцаў, спасылаючыся на праваабарончы цэнтр "Вясна".

"Вы ўяўляеце якое гэта глупства, што да мяне людзі звяртаюцца, каб іх абаранілі ад міліцыі!"

Выказваецца з нагоды будаўніцтва завода АКБ. Кажа, што суддзя Семянчук датычны да ўсяго.

Прысуд будзе абвешчаны 18 красавіка ў 9.45.

19:21 15/04/2019


Загрузка...
Загрузка...