АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Еўрапейскія гульні ў Мінску Выбары-2019 Змяненне Канстытуцыі Курапаты Беларусь-Расія Забойства Паўла Шарамета

Пайшлі на замірэньне. МЗС Расеі пракамэнтаваў канфлікт вакол амбасадара Бабіча

На сайце расейскага міністэрства заклікаюць да «спакойнай рытмічнай працы» «без эмоцыяў і непатрэбных публічных усплёскаў». У МЗС Расеі апраўдваюць Бабіча, але не вінавацяць беларускі бок наўпрост.


Дэпартамэнт інфармацыі і друку Міністэрства замежных справаў Расеі апублікаваў 21 сакавіка «камэнтар да расейска-беларускіх стасункаў», у якім згадаў рэакцыю МЗС Беларусі на інтэрвію расейскага амбасадара Міхаіла Бабіча, апублікаванае тыдзень таму.

Паводле расейскага боку, адбылася «дыскусія аб пэрспэктывах расейска-беларускай супрацоўніцтва, якая вылілася ў мэдыйную прастору» праз рэакцыю беларускага МЗС на інтэрвію Міхаіла Бабіча, які «даў ацэнкі цяперашняму стану расейска-беларускіх стасункаў».

«Увага да гэтых пытаньняў цалкам зразумелая, — піша расейскае ведамства. — Расейцам і беларусам неабыякава, як будуць разьвівацца стасункі між дзьвюма саюзнымі краінамі, асабліва на фоне цяперашняга няпростага міжнароднага становішча, глябальных рызык і выклікаў, якія нарастаюць. З улікам глыбіні і маштабу нашага супрацоўніцтва гэтыя дыскусіі часьцяком набываюць эмацыйны характар, часам, на жаль, выходзячы за межы дыпляматычнай карэктнасьці».

Паводле расейскага боку, ёсьць «прынцыповы момант»: Беларусь зьяўляецца братняй краінай, самым надзейным стратэгічным партнэрам, а дзейнасьць Бабіча накіраваная на рашэньне задачы, пастаўленай Уладзімірам Пуціным — «актыўна паглыбляць узаемадзеяньне ў межах „Саюзнай дзяржавы“».

«Зразумела, у расейска-беларускіх стасунках бываюць сюжэты, па якіх ацэнкі і падыходы бакоў не ва ўсім супадаюць, — дадае расейскі МЗС. — Пры гэтым, аднак, мы заўсёды знаходзілі і знаходзім рашэньні нават самых цяжкіх пытаньняў.

У вырашальнай ступені гэтаму спрыяе тое, што незалежна ад вастрыні праблемы наш дыялёг праходзіць у межах узаемапаважлівага, карэктнага і прафэсійнага абмену думкамі, характэрнага для нашых братніх краінаў. Такім ён павінен заставацца і надалей».

13:22 21/03/2019


Загрузка...
Загрузка...