АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Закон аб адтэрміноўках Выбары-2019 Змяненне Канстытуцыі Курапаты Беларусь-Расія Забойства Паўла Шарамета

Уладзімір Лабковіч пра інтэрнэт-відэабрыфінг Ярмошынай: Мы проста змарнавалі свой час

Каментуючы інтэрнэт-відэабрыфінг старшыні ЦВК Беларусі Лідзіі Ярмошынай, які адбыўся 22 лютага, каардынатар кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Уладзімір Лабковіч назваў яго марнатраўствам.


"Мне незразумелая мэта гэтага інтэрнэт-відэабрыфінгу, які сёння адбыўся і быў напярэдадні так шырока анансаваны. У выніку мы проста змарнавалі 40 хвілін свайго жыцця на рэканстатацыю той пустаты ўсіх выбараў, якія адбываюцца ў Беларусі", - адзначыў Лабковіч.

Лідзія Ярмошына сёння ўнесла інтрыгу і прапанавала правесці выбары ў нядзелю, 1 снежня 2019 года, пры гэтым не паведаміла, якія гэта будуць выбары.

“Мы спадзяемся, што інтрыга будзе раскрытая падчас штогадовага паслання кіраўніка дзяржавы, недзе ў красавіку", – дадала яна.

Уладзімір Лабковіч не хавае свайго расчаравання, калі кажа, што рашэнні аб тым, якія выбары знаходзяцца ў прававым полі, не вырашаюцца законам і Канстытуцыяй, а вырашаюцца палітычнымі меркаваннямі прэзідэнта Беларусі. Фактычна, тое заканадаўства, якое ёсць, у лепшым выпадку — будзе зманіпуляванае пад аднаасобнае рашэнне Аляксандра Лукашэнкі, у горшым — будзе парушанае.

"І другі важны момант, – адзначае Лабковіч,  ­– гэта тое, што выбары адбудуцца па звыклым сцэнары, па якому адбываліся і ўсе папярэднія выбары. І гэта значыць, што тыя рэкамендацыі першага парадку, якія выпрацоўваліся і выносіліся АБСЕ, а таксама намі, як незалежнымі назіральнікамі, знаходзяцца пад сталом у прэзідэнта, і яны не будуць нейкім шляхам імплементаваныя ў дзеючае заканадаўства. Адзіная навэла, якую нам Ярмошына сёння прадэманстравала, - гэта, канешне, “бліскучы прарыў у электроннай сферы”: тое, што на сайце Цэнтральнай выбарчай камісіі будуць электронныя мапы выбарчых акругоў. Гэта, безумоўна, шлях наперад у далейшым развіцці IT у нашай краіне".
14:53 24/02/2019


Загрузка...
Загрузка...