АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Закон аб адтэрміноўках Выбары-2019 Змяненне Канстытуцыі Курапаты Беларусь-Расія Забойства Паўла Шарамета

Палітолаг Валерыя Касцюгова – пра хітрыя гульні Лукашэнкі і Пуціна

Чаго не падзялілі кіраўнікі Беларусі і Расеі? Інтэрв’ю Змітра Міцкевіча з Валерыяй Касцюговай, палітолагам з аналітычнага праекту «Нашае меркаванне».

Палітолаг Валерыя Касцюгова – пра хітрыя гульні Лукашэнкі і Пуціна
Што датычыць падатковага манеўру і паглыблення інтэграцыі з двух бакоў – самае вялікае пытанне ў тым, якія саступкі гатовыя зрабіць абодва бакі.

Стратэгічнае пытанне выглядае інакш. Галоўныя стратэгічныя пытанні для Расеі – яе роля ў Еўропе ў бяспецы ды пастаўках газу.

Кампенсацыя за падатковы манеўр і ўсё астатняе – гэта элементы гандлю, а не стратэгічныя пытанні.

Стратэгічныя – роля Расеі ў пастаўках газу і ўмовы, на якіх яна будзе ім гандляваць пасля 2019 года. Верагодны выхад ЗША з Дамовы аб ракетах сярэдняй дальнасці і захады, на якія Расея павінная пайсці, каб захаваць прынамсі часткова рэпутацыю, перазаключыць гэтую дамову на нежахлівых для сябе ўмовах.

Калі мы кажам канкрэтна пра тыя саступкі, якія гатовыя зрабіць бакі адзін для аднаго дзеля руху насустрач, ва ўсялякім выпадку, які яны дэкларуюць: што можа здаць Беларусь, а што можа здаць Расея? Бо ёсць меркаванне, што Лукашэнка можа здаць нейкія стратэгічныя прадпрыемствы, каб атрымаць кампенсацыю па гэтым падатковым манеўры. Напрыклад, Бабіч акурат не так даўно наведаў Менскі завод колавых цягачоў.

Нашыя саступкі, якія мы гатовыя, напэўна, даць Расеі, думаю, што МЗКЦ і візіт Бабіча – частка інфармацыйнага туману, які напускае Расея вакол перамоваў з Беларуссю. Увесь час ідзецца пра тое, што нам чагосьці больш трэба, але насамрэч зусім няма. Гэта Расеі больш трэба, гэта Пуцін сустракаўся з Лукашэнкам 11 разоў у мінулым годзе, гэта ён жа яго трымае. Цяпер, не паспелі яны астыць ад абдымкаў, як тут жа сустракаюцца ў Сочы.

Гэта значыць, відавочна, Расеі больш трэба, але мы нават не ведаем што, яна не кажа, што ёй трэба больш.

Але я кажу, што гаворка менавіта пра дзве гэтыя рэчы – ваенная бяспека і роля ў пастаўках газу ў Еўропу. МЗКЦ тут – проста цалкам няважны элемент. Акрамя таго, кіраўнік Дзяржваенпраму сказаў, што прадавацца ён не будзе. Па-за ўвагаю прэсы, як мне здаецца, засталася інфармацыя пра тое, што беларусы аб’ядналі два розныя нафтатранспартавыя прадпрыемствы, трубаправоды ў адно ААТ. Гэта здарылася літаральна тыдзень таму – дзесяць дзён, і гэта, з усяго відаць, наўпроставае стаўленне да магчымых контураў будучых дамоўленасцяў. Як мы ведаем, нашыя чыноўнікі заўсёды дзеялі такім чынам, што, як толькі заходзіла гаворка аб продажу акцыяў якога-небудзь стратэгічна выгаднага для Расеі прадпрыемства, то тут жа дзейнае і звышпрыбытковае прадпрыемства абʼядноўваецца з прадпрыемствам, што не працуе і не прыносіць прыбытку. І ў такім выглядзе – калі ласка, купляйце.

Патлумачце, калі ласка, якія саступкі можа зрабіць Беларусь менавіта ў ваенным плане. Што Расеі ад Беларусі тут патрэбна? Бо звонку выглядае, што гэта абсалютна не ваеннае патрабаванне, а патрабаванне палітычнае.

Менавіта. Расеі ад Беларусі, як і наагул ад яе дзеянняў у ваенным плане, патрабуецца перш за ўсё рэпутацыя. Рэпутацыя, а не нейкія канкрэтныя пункты, канкрэтныя часткі. Рэпутацыя, якая страчаная, мы ж не ведалі, я маю на ўвазе ўвесь свет, дзе межы ваенных магчымасцяў Расеі. Яна самая іх прадэманстравала, пачынаючы з 2014 года і да сёння. Свет пераканаўся, што межы яе магчымасцяў значна больш вузкія, чым усе прызвычаіліся думаць. Цяпер ідзецца пра захаванне рэшткаў рэпутацыі ды пра тое, каб новыя пагадненні аб бяспецы, якія давядзецца перазаключаць адносна еўрапейскай бяспекі, парытэту ЗША і цяпер, вядома, ужо Кітаю, які, безумоўна, вырас у ваенным плане з тых часоў, як гэтую дамову заключылі. Умовы для Расеі павінныя быць не зневажальныя, яны мусяць перавышаць яе рэальныя магчымасці.

З гэтага пункту гледзішча патрэбная менавіта рэпутацыя – тое, што ў нашай або ў расейскай прэсе называецца «продажам словаў».

Увесь сучасны свет уладкаваны такім чынам, што кошт на тавары залежыць ад рэпутацыі ў значна большай ступені, чымся ад сабекошту. І ў міжнародных дамовах гэта тым больш так.

То бок нашая старадаўняя беларуская катрынка пра тое, што «мы вашыя браты, вы нашыя стратэгічныя партнёры», далей будзе пракатваць, і далей мы за гэта будзем атрымліваць грошы.

Не зусім так. Гэта моцнае спрашчэнне, але не да такой ступені, каб зусім ужо перакручвала сутнасць справы. Але ўсё-ткі я б сказала, што акрамя рэпутацыі ў нас з Расеяй цесныя дзелавыя стасункі.

І ў прыватнасці, мы – адзін з ключавых транзіцёраў яе энергарэсурсаў у Еўропу.

Пакуль мы ўсцяж адзін з ключавых транзіцёраў яе гандлёвых плыняў ды імпарту ў яе, я маю на ўвазе гандлёвыя плыні наземныя. І нездарма беларускі кіраўнік калі-нікалі ўсё ж такі нагадвае пра тое, што ідзецца пра нейкія фізічныя, канкрэтныя паслугі, а не толькі і выключна працу на рэпутацыю.

Атмасфера ўсёй гэтай сустрэчы вельмі расслабленая, ва ўсялякім выпадку, так падаецца: лыжы, шашлык у кадр трапіў – ну проста сябры сустракаюцца. Таксама зварот Лукашэнкі да Бабіча: «Прывітанне, Міша». Ці сапраўды гэты звер не настолькі страшны, як яго малююць? Уся гэтая расейская атмасфера. Кажуць, што Лукашэнка туды паехаў, як на дыван. Яго выклікалі, а мы насамрэч бачым толькі вясёлае.

Тут Пуцін гуляе добрага і злога следчага ў адной асобе. Напачатку яны прыехалі ў ліпені з дзелавою прапановаю інвеставаць тры з паловаю мільярды ў газатранспартавую сістэму Беларусі. Беларусы, натуральна, пастанавілі задраць стаўкі, і, судзячы па ўсім, умовы Беларусі не падышлі Расеі. Яны падумалі, што мы хочам зашмат, і сталі пагражаць.

Пагрозы не далі належнага эфекту, і фактычна на ўсе пагрозы было ў адказ кароткае ды сухое «не».

Цяпер – ізноў добры следчы з прыязнымі падыходамі. І далей так будзе доўжыцца: пазней ізноў з’явіцца злы бок гэтага следчага.

Як вы ацэньваеце ролю Бабіча на тэрыторыі Беларусі? Усе лічылі, што гэта чалавек, які дасланы Расеі, каб з’есці Лукашэнку.

Па-першае, усё ж такі не ўсе, а толькі моцна зацікаўленыя ў такой рэпутацыі Бабіча асобы. Не ведаю, навошта нам яго неяк ацэньваць, ён жа проста амбасадар Расеі. Напэўна, добрасумленны чыноўнік, і, хутчэй за ўсё, мяркуючы па тым, якую працу ён тут правёў у рэвізіі цэлага пакету ўсіх нашых пагадненняў, – так, ён увайшоў больш-менш у курс справы. Іншая рэч, што ён усцяж не дыпламат, ён чыноўнік.

Адрозненне чыноўнікаў ад дыпламатаў у тым, што яны аперуюць толькі тымі рычагамі, якімі сапраўды валодаюць, у той час як у дыпламатыі даводзіцца апераваць і тымі рычагамі, якіх у рэчаіснасці няма. Гэтаму трэба будзе проста навучыцца.

Фактычна атрымліваецца, што нашыя ўмовы дамовы з Расеяй залежаць ад пазіцыі Трампа і наагул пазіцыі Штатаў, ці яны заглушаць расейцам цалкам «Паўночную плынь».

Не, гэта зман. Рэч у тым, што так ці інакш, як бы ўжо абставіны ні склаліся з «Паўночнаю плынню – 2», Расеі давядзецца дамаўляцца з намі сёлета, а «Паўночная плынь» ніяк у гэтым годзе не запрацуе. Яна не запрацуе і ў 2020 годзе, гэта значыць, што ў Расеі няма часу. Яна не можа дазволіць сабе чакаць да сярэдзіны або канца 2020 года, калі тэарэтычна ў найлепшых умовах для яе запрацуе «Паўночная плынь». І тое ў выпадку, калі Нямеччына здолее цалкам адкінуць дамаганні ЗША, і ЗША не ўвядуць санкцыяў супраць кампаніі, якая будуе «Паўночную плынь – 2», то ён усё роўна запрацуе толькі да канца 2020 года. А заключаць пагадненне трэба ў канцы 2019-га, у 2020-ым ужо ўсё павіннае працаваць. Таму давядзецца дамаўляцца і з намі, і з Украінаю.

belsat.eu
20:09 18/02/2019


Загрузка...
Загрузка...