АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Былы кандыдат у дэпутаты збіраецца судзіцца з гарвыканкамам

Жыхар абласнога цэнтра Аляксандр Мельнік, які ўдзельнічаў у паламенцкіх выбарах у якасці кандыдата ў дэпутаты па Брэсцкай-Заходняй акрузе №1, накіраваў скаргу ў суд, дзе ў якасці адказчыка пазначаны Брэсцкі гарвыканкам.


Па словах Мельніка, падставай для такіх дзеянняў стаў адказ мясцовых уладаў на ягоны ліст, у якім ён прасіў ініцыяваць адміністратыўны працэс у дачыненні да старшыні ўчастковай камісіі №39 Леаніда Валабуева. Як лічыць былы прэтэндэнт на дэпутацкі мандат, гэты кіраўнік участковага выбаркаму груба парушыў Выбарчы кодэкс, калі спачатку забараніў Аляксандру Мельніку прысутнічаць падчас падліку бюлетэняў, а пасля загадаў, каб падлік адбываўся не на ўчастку для галасавання ў брэсцкай чыгуначнай лякарні, а ў службовым пакоі намесніка галоўнага лекара гэтай установы.

Як паведаміў Аляксандр Мельнік сайту ПЦ "Вясна", у атрыманым з гарвыканкама адказе гаворыцца, што ў дзеяннях Леаніда Валабуева няма падстаў для прыцягнення да адміністратыўнай адказнасці і выбарчае заканадаўства ён не парушаў. “У адказе няма аргументаванага тлумачэння, чаму ўлады прыйшлі да такой высновы, - кажа Мельнік. – Акрамя таго, калі гарвыканкам выносіць пастанову аб спыненні справы аб адміністратыўным правапарушэнні, павінен быць абвешчаны тэрмін і парадак абскарджання пастановы. Гэтага ў адказе няма”.

Таму Аляксандр Мельнік у сваёй заяве ў суд Ленінскага раёна Брэста просіць прызнаць бяздзейнасць мясцовага гарвыканкама, які парушыў працэдуры, усталяваныя Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях.


11:29 15/10/2012


Загрузка...
Загрузка...