АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Андрэй Ягораў: Мы назіраем фатальную дэградацыю краіны

Дырэктар Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў даў інтэрв'ю "Беларускаму партызану" па выніках парламенцкай кампаніі і перспектывах развіцця краіны.

Андрэй Ягораў: Мы назіраем фатальную дэградацыю краіны
- Пасля 94-га года ў Беларусі адсутнічаюць дэмакратычныя выбары, але цяперашняя парламенцкая кампанія не паддаецца ніякай класіфікацыі. Давайце паспрабуем вызначыць - што гэта было... 

- Я не думаю, што гэтая кампанія моцна вылучаецца на фоне папярэдніх - проста мы з'яўляемся сведкамі паступовай дэградацыі ўсяго выбарчага працэсу і дэпалітызацыі нават такіх палітычных інстытутаў, як выбары. Гэта трагічна і сведчыць аб тым, што сістэма ўсё больш і больш прыходзіць у заняпад. 

- Кампанія, якая прайшла, усё ж такі засведчыла стан краіны: і ўлады, і апазіцыі, і грамадства. Як бы Вы ахарактарызавалі гэты стан? 

- Гэта вельмі сумнае відовішча. 

Улада, дамогшыся адчужэння людзей ад палітыкі, сама мае праблемы. Улада павінна падтрымліваць нейкі палітычны градус у краіне, інакш гэта прыводзіць да фатальнай дэградацыі не толькі палітыкі, але і іншых сфер. Грамадская актыўнасць сыходзіць, а чалавечы рэсурс, які ўкладваецца ў гэтую актыўнасць, губляецца; людзі, не знаходзячы свайго месца, кар'ернай рэалізацыі ні ў палітычным жыцці, ні ў прафесійнай самарэалізацыі, пакідаюць краіну. Улада нават спрабуе прыцягнуць на выбары свой электарат, які ніколі ў мабілізацыі не адчуваў патрэбы. 

З боку апазіцыі мы таксама бачым паралельную дэградацыю, таму што не выкарыстаць гэтыя выбары для вырашэння палітычных задач нацыянальнага ўзроўню, ні годна падрыхтавацца праз гэтую кампанію да прэзідэнцкіх выбараў, на якіх можа вырашыцца далейшы лёс Беларусі, апазіцыя не змагла. Проста страціла, прайграла, праспала, правароніла гэты шанец, нічога не зрабіўшы ў нацыянальным плане. Пры гэтым усе групы заяўляюць пра нейкія дасягненні, вырашаных задачах і нават перамогі. На дэбатах кандыдаты паказалі ўзровень ніжэй ліштвы. 

Мы бачым фатальную дэградацыю ва ўсім, і гэта страшная сітуацыя. 

- Нават зараз, калі вайна скончылася, апазіцыя працягвае ваенныя дзеянні ўнутры свайго лагера. Ужо відавочны падзел апазіцыі на байкатыстаў і ўдзельнікаў. Што далей? 

- Гэтая кампанія паказвае, што ніякіх змястоўных супярэчнасцяў у стратэгіях палітычных сіл на гэтую выбарчую кампанію не было. Не было ніякіх перадустановок ні ў "Гавары праўду", ні ў руху "За свабоду" супраць байкоту; яны на цэлрй акрузе арганізавалі тэхналагічную кампанію байкоту. Відавочна, што байкот і ўдзел для іх былі формамі дасягнення пэўных задач. 

Тое ж самае з БНФ, АГП і іншымі байкотчыкамі. Усё, што перашкаджала ім выпрацаваць адзіную тактыку і стратэгію на гэтую выбарчую кампанію, - гэта асабістыя амбіцыі лідараў і ні іх няздольнасць дамовіцца. 

І раскол на дзве групы з відавочнасцю дэманструе працяг гэтай тэндэнцыі. 

Цяпер важна паглядзець - што адбылося і ўбачыць далейшую дынаміку. Калі частка гэтых груп пазбавілася ад нездаровых сіл, якія перашкаджалі ім праектаваць і тэхналагічна распрацоўваць стратэгічную лінію на рост палітычнага ўплыву ў краіне, калі частка дэканструктыўных сіл і лідараў, з якімі нельга было дамовіцца, апынулася ў іншым лагеры, значыць, адна з дзвюх груп можа апынуцца больш-менш здаровай. Тады можна спадзявацца на станоўчую дынаміку развіцця гэтай групы і рост яе палітычнага ўплыву. Але гэта трэба ацэньваць па выніках дзеянняў, у тым ліку - па рэфлексіі да выбарчай кампаніі, як яны паставяцца да таго, што адбылося на парламенцкай кампаніі. 

- Каб разабрацца, хто хворы, а хто здаровы, спатрэбіцца лекар. Якія сілы здольныя выступіць у ролі дыягноста? 

- Са снежня 2010 года ў Беларусі назіраецца поўны застой. Нічога з таго, што можна зрабіць, не робіцца, таму трэба чакаць ад гэтых груп рашэння нявырашаных задач. Хто першы вырашыць гэтыя задачы, той, уласна, і захопіць палітычнае лідарства на ўнутрыпалітычным полі. 

- Што неабходна зрабіць? 

- Першы крок - дасягнуць адзінства, але не дэкларатыўнага плана, як "шасцёрка", а рэальнага. Што будзе сведчыць аб рэальнасці аб'яднання? Вывад некалькіх лідараў на першы план. Гэта аб'яднанне павінна быць прадстаўлена некалькімі, пажадана новымі, асобамі. Паміж гэтымі людзьмі не павінна быць канкурэнцыі - яны сімвалічна выступаюць асобамі палітычнай сілы. 

Другое - павінен быць сфарміраваны аб'яднаны тэхналагічны штаб, аж да змешвання структур. Калі гэтыя структуры не зліюцца ў агульнае адзіны рух, і тады нельга будзе казаць аб аб'яднанні. Стварэнне тэхналагічнага штаба павінна спрыяць аб'яднанню структур; аналітыкі, тэхнолагі, арганізатары акцый сярэдняга звяна павінны зліцца ў агульную арганізацыйную структуру. 

Трэцяе, што павінна адбыцца - фарміраванне ўстойлівых сувязяў гэтай новай палітычнай групы з грамадзянскай супольнасцю, і перш за ўсё - з Нацыянальнай платформай Форума грамадзянскай супольнасці «Усходняга партнёрства». Цяпер ніводная з існуючых груп не карыстаецца даверам грамадзянскай супольнасці, нават ідэалагічна блізкія структуры грамадзянскай супольнасці не падтрымліваюць палітыкаў. І першы крок, які прыйдзецца зрабіць, - заваяваць сімпатыі грамадзянскай супольнасці Беларусі, арганізаваных структур грамадзянскай супольнасці. 

- Вы сказалі такую фразу: новую палітычную сілу павінны прадстаўляць новыя асобы. Ці значыць гэта, што вярхушку апазіцыі трэба мяняць? 

- Гэта могуць быць тыя ж самыя асобы, якія ёсць сёння. Калі мы возьмем, умоўна кажучы, групу, якая фармуецца вакол руху "За свабоду" і "Гавары праўду", то гэта могуць быць Мілінкевіч і Някляеў, а калі браць спробы перамоваў і абмеркавання парадку дня паміж Нацыянальнай платформай грамадзянскай супольнасці, "Гавары праўду" і рухам "За свабоду", то побач з імі можа быць і Уладзімір Мацкевіч, які сёння прадстаўляе Нацыянальную платформу. 

У любым выпадку гэта павінен быць адзіны пул лідараў, паміж якімі няма рознагалоссяў, якія, як трыадзіная галава, вядуць гэта аб'яднанне наперад. Прэзідэнцкія выбары ўжо хутка. Гэты пул (гэта можа быць і 5-6 чалавек, пажадана, не толькі палітыкі, але і культурныя дзеячы, людзі з акадэмічным статусам) павінен вылучыць адзіную постаць, а ўсе астатнія павінны намінаваць яго. Для прыкладу: калі Някляеў будзе ісці ў якасці кандыдата на наступных прэзідэнцкіх выбарах, яго павінен будзе намінаваць Мілінкевіч і ўсе астатнія з гэтага пула. 

- Адсутнасць працэдуры выбараў вымусіла рэжым пайсці на вызваленне двух з семнаццаці палітвязняў. І гэта, бадай, адзіны вынік парламенцкай кампаніі. Але ці дастаткова гэта добры крок, каб дамагчыся непашырэння санкцый з боку Еўрасаюза? Паколькі адзнака мінулай кампаніі з боку Еўропы адназначная - "цынічная інсцэніроўка". 

- Натуральна, гэта недастатковы крок. Адзінае, чаго можна дамагчыся вызваленнем двух палітвязняў, - перанесці разгляд пытання аб пашырэнні санкцый у кастрычніку. І толькі ў тым выпадку, калі Мінск відавочна прадэманструе Бруселю гатоўнасць вызваліць усіх палітычных зняволеных. У адрозненне ад папярэдняй палітыкі Еўрасаюза, з 19 снежня 2010 года ЕС выразна акрэсліў свае патрабаванні для аднаўлення адносін - гэта вызваленне ўсіх палітвязняў. Пытанне рэабілітацыі можна вырашаць у працэсе далейшых перамоваў, але без вызвалення ўсіх фігурантаў справы "19 снежня" і рэпрэсаваных пазней, ніякіх перамоваў з Еўрапейскім Звязам не будзе. І санкцыі будуць толькі пашырацца. 

- Якія ўвогуле зараз перспектывы аднаўлення дыялогу Мінска з Еўрасаюзам? Еўропа не прызнала "парламенцкія выбары", а адзіны саюзнік - Масква ўзмацняе эканамічны ціск на Мінск (крыніца растваральнікаў перакрытая, Расія зніжае пастаўкі нафты на 26%). Падобна на тое, што ў беларускага рэжыму няма іншага выйсця, як паспрабаваць хоць крышачку размарозіць адносіны з Еўрасаюзам. 

- Мінск у такіх выпадках традыцыйна выкарыстоўвае лавіяванне паміж Усходам і Захадам. У выпадку ўзмацнення ціску з боку Расіі варта чакаць, што Мінск паспрабуе знайсці выратаванне на Захадзе, зробіць спробу нармалізаваць адносіны. 

Больш за тое, гэта лагічна, гэта крок, які даўно наспеў, і па ўсіх рацыянальных раскладах павінен быць зроблены. Адзіная, каму выгадна супрацьстаянне Мінска і Бруселя, - гэта Масква. Супрацьстаянне не ў нацыянальных інтарэсах Беларусі і відавочна не ў інтарэсах Еўрасаюза. 

Крок павінен зрабіць Мінск. Вось толькі па якіх ірацыянальных прычынах ён гэтага не робіць - не зразумела. 

 


16:14 28/09/2012


Загрузка...
Загрузка...