АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Валерый Карбалевіч: Хопіць удзельнічаць у вайне, якая скончылася

Спрэчкі аб тым, хто выбраў больш паспяховую тактыку падчас парламенцкай кампаніі, бессэнсоўныя: пасля бойкі рукамі не махаюць. Электаральная кампанія скончана.

Валерый Карбалевіч: Хопіць удзельнічаць у вайне, якая скончылася
Апазіцыя павінна атрымаць урокі і думаць пра будучыню. Не толькі аб сваёй будучыні - пра будучыню краіны.

"Да прэзідэнцкіх выбараў трэба аб'ядноўвацца, трэба вылучаць адзіны сцэнар, адзінага кандыдата - без гэтага няма сэнсу казаць пра шанцы на поспех".

Аб цяперашнім стане апазіцыі і пра лёс краіны ў інтэрв'ю "Беларускаму партызану" разважае палітолаг Валер Карбалевіч.

- Нябачаны працэнт "датэрміноўшчыкаў", блытаніна пры абвяшчэнні выніковых лічбаў, "абранне" 109 з 110 дэпутатаў у першым туры - усё гэта ніяк не ўпісваецца ў класічныя "выбары". Якой убачылі гэтую кампанію Вы?

- Тое, што адбылося называюць па-рознаму; можна назваць кіраванымі выбарамі, можна называць палітычнай кампаніяй. Зразумела, што выбарамі гэта не з'яўляецца. І, мяркуючы па ўсім, да такой жа высновы прыйшла і большасць насельніцтва.

Любая палітычная кампанія, любыя выбары нават у недэмакратычнай краіне пакідаюць хоць нейкі след у грамадстве, даюць сюжэты, малюнкі, якія даюць глебу для аналізу, для высноваў аб тым, што ў нас адбываецца, якое ў нас грамадства, якая ўлада, якая апазіцыя .

- Да якіх высноваў Вы прыйшлі па завяршэнні гэтай кампаніі?

- Высноваў шмат...

- Што з сябе ўяўляюць ўлада і апазіцыя?

- Улада ставіла задачу пацвердзіць уласную легітымнасьць у вачах беларускага грамадства. І адначасна, калі атрымаецца, вырашыць пытанне і міжнароднай легітымнасці. Мяркуючы па тым, што ў буйных гарадах выбары, хутчэй за ўсё, не адбыліся (поўнай карціны мы не маем), гэтую задачу ўладзе выканаць не ўдалося. Такую нізкую яўку цяжка ўзгадаць у гісторыі сучаснай Беларусі. І гэта аплявуха з боку грамадства гэтай уладзе.

- Актывіст "Беларускага руху" Вацлаў Арэшка назваў гэты працэс рэферэндумам недаверу Лукашэнку.

- Рэферэндум аб недаверы хтосьці павінен зрабіць здабыткам грамадства. Вось тут праблема - у розных палітычных сіл розныя інфармацыйныя магчымасці, кожная палітычная сіла апелюе да свайго электарату. Ва ўмовах палітычнага расколу пачынаецца інфармацыйная вайна: улада будзе несці сваю праўду сваім прыхільнікам, апазіцыя - сваім. Я думаю, будзе вялікая колькасць тых, хто не вызначыўся. У гэтым сэнсе назваць гэтую сітуацыю рэферэндумам дастаткова цяжка.

- Апазіцыя пайшла на "выбары" трыма калонамі: поўны байкот, удзел-байкот і ўдзел да фінішу. На Вашу думку, хоць адна з гэтых тактык мела поспех?

- Ці можна сказаць, што тактыка байкоту мела поспех. Мела поспех менавіта таму, што яна абапіралася на настроі ў грамадстве. Сапраўды, грамадства не хацела ўдзельнічаць у гэтых "выбарах", разумеючы іх бессэнсоўнасць. А апазіцыі ўдалося асядлаць гэтыя настроі, і зараз яна мае права сказаць: так, мы арганізавалі байкот, і байкот атрымаўся.

Можна спрачацца, што адыграла вырашальную ролю - заклік апазіцыі аьбо сама апатыя грамадства. Але факт ёсць факт. Мяркуючы па ўсім, найбольш удалай тактыкай была тая, якой прытрымліваліся АГП і БНФ: уключыцца ў кампанію, правесці агітацыйную кампанію, а ў канцы зняцца, заклікаўшы да байкоту.

- З "выбараў" апазіцыя выйшла, па тэрміналогіі А. Класкоўскага, двума калонамі: умерана-канструктыўнай (найбольш прыкметныя структуры Аляксандра Мілінкевіча і Уладзіміра Някляева і Партыя БНФ), і байкатысты з радыкальнай рыторыкай, ядром якіх сталі АГП і БХД. Другая групоўка ўжо абвінавачвае першую ў бесхрыбетнасць і "саўдзеле". Вельмі не падобна на тое, што гэтыя дзве групоўкі збіраюцца дамаўляцца перад прэзідэнцкай кампаніяй. У чым прычына?

- Тут няма прынцыповых рознагалоссяў, няма каштоўнасных рознагалоссяў. Былі рознагалоссі тактычныя. «Выбары» прайшлі, і зараз спрачацца пра тое, чыя тактыка лепш, - можна яшчэ паспрачацца пару тыдняў. Але далей апускацца ў сваркі сэнсу няма - трэба думаць пра будучыню. Калі дзве часткі апазіцыі не дамовяцца, калі працягнуць барацьбу паміж сабой, працягнуць     спрэчкі, працягнуць удзельнічаць у вайне, якая скончылася, махаць кулакамі пасля бойкі - гэта будзе самае неразумнае, што можна сабе толькі ўявіць.

Да прэзідэнцкіх выбараў трэба аб'ядноўвацца, трэба вылучаць адзіны сцэнар, адзінага кандыдата - без гэтага няма сэнсу казаць пра шанцы на поспех.

- Яшчэ да парламенцкай кампаніі Юрась Чавусаў заявіў, што апазіцыі патрэбная адзіная стратэгія, здольная яе аб'яднаць. Але ж усе кажуць пра адзінства, але ніхто аб'ядноўвацца не збіраецца.

- Сапраўды: вопыт паказаў, што аб'яднанне магчыма тады, калі аб'ядноўваюцца вакол адзінага праекта. Калі такога праекта няма, і гаворка ідзе аб аб'яднанні дзеля аб'яднання, тады асаблівага сэнсу ў гэтым няма, яно проста не атрымліваецца, як правіла.

Калі ёсць адзіны праект - адзіны кандыдат на прэзідэнцкія выбары, скажам, тады аб'яднанне магчыма, і яно атрымлівалася: і ў 2001 годзе, хоць і вельмі цяжка, і ў 2005-2006 годзе. Таму згодны з Чавусава - вакол адзінай стратэгіі і трэба аб'ядноўвацца.

- Што павінна легчы ў аснову адзінай стратэгіі?

- Праект перамогі на прэзідэнцкіх выбарах.

- Вы асабіста лічыце, што такой стратэгіяй можа стаць і Плошча. Пры якіх умовах яна магчымая?

- Яна магчымая пры умовах:

1) аб'яднання апазіцыі,

2) вылучэння адзінага кандыдата,

3) з добрай паліттэхналагічнай раскруткай адзінага кандыдата.

Напрыклад, за месяц да выбараў незалежныя сацыёлагі даюць інфармацыю, што кандыдат ад апазіцыі набраў рэйтынг, супастаўны з рэйтынгам Лукашэнкі. Гэта не такая фантастычная рэч, калі ўлічыць, што рэйтынг Лукашэнкі сёння - 25-30%. А апазіцыйны электарат складае прыкладна столькі ж. Гэта цалкам рэальная і дасягальная задача.

Калі гэтая інфармацыя будзе ўкінутая ў грамадскую свядомасць, у краіне можа адбыцца псіхалагічны пералом. Пачнецца раскол у кіруючай эліце, таму што калі пачынаецца крызіс, ад дзейнага прэзідэнта бягуць! Глядзіце: ад прэзідэнта Сірыі бягуць - і генералы, і прэм'ер-міністр, і дыпламаты, і іншыя. Такая сітуацыя магчымая толькі тады, калі грамадства ўбачыць сілу з процілеглага боку.

І тады зусім па-іншаму будуць сябе паводзіць і захад, і ўсход: адзінага кандыдата будуць запрашаць на сустрэчы, прычым на вельмі сур'ёзным узроўні, у тым ліку і ў Маскву. Які сэнс размаўляць з чалавекам, за якім нічога не стаіць?..

Калі адбываюцца выбары, калі Ярмошына зноў аб'яўляе, што Лукашэнка набраў 80% - ніхто не верыць! І тады на вуліцы выходзяць не 50 тысяч, а разы ў 4-5 больш. Спецназ і армія адмаўляюцца страляць у народ - вось яна, Плошча!

Ва ўмовах моцнага аўтарытарнага рэжыму Плошча не магла перамагчы, калі яна абапіралася ан актыўную меншасць. Актыўная меншасць можа здзейсніць пераварот ва ўмовах слабага аўтарытарнага рэжыму, як гэта двойчы адбылося ў Кыргызстане. Выходзяць на вуліцы некалькі тысяч - і праз паўдня рэжым змецены.

У Беларусі рэжым вельмі жорсткі. Каб яго зрушыць, трэба, каб актыўная меншасць абапіралася хоць бы на нейтралітэт большасці, псіхалагічны пераварот сярод наменклатуры.

Гэта цалкам рэальны сцэнар - з улікам эканамічнага крызісу, з улікам эканамічных праблем, якія паўстаюць перад краінай. Павышэнне заробкаў да выбараў не павысіла прывабнасць улады, гэта не падкупіла народ. Улада апынулася ў вельмі складаным становішчы.

- Ужо чуваць асобныя галасы, што тактыка байкоту магчымая на прэзідэнцкіх выбарах.

- Гэта самы дурны варыянт з усіх магчымых. Прэзідэнцкія выбары - гэта барацьба за рэальную ўладу, і гэты шанец трэба выкарыстоўваць да канца. Тут магчымыя нават любыя выпадковасці.



11:07 27/09/2012


Загрузка...
Загрузка...