АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Раман Пратасевіч: Пра палітыку ў сям'і не гаворым

16-гадовы вучань Ліцэя БНТУ Раман Пратасевіч стаў вядомы ўсёй Беларусі ў ліпені. Тады за ўдзел у "маўклівых рэвалюцыях" Рамана выгналі з ліцэя, а сам хлопец пакінуў сям'ю па ідэйных рознагалоссях.

Раман Пратасевіч: Пра палітыку ў сям'і не гаворым
Фотаздымак маладога чалавека, якога пад белыя ручкі вядуць "двое ў цывільным", абыйшоў, відаць, не толькі ўсе беларускія сеткавыя СМІ.
 
Рамана Пратасевіча, як пісалі шматлікія СМІ, за ўдзел у маўклівых рэвалюцыях бацькі выганялі з хаты. Пасля таго гучнага скандалу 16-гадовы хлопец папоўніў шэрагі "Маладога фронту". Удзелам у праймерыз "Малады фронт" яшчэ раз хоча прадэманстраваць грамадству неэфектыўнасць маладзёжнай палітыкі ў дзяржаве.
 
"Беларускі партызан" пагутарыў з Раманам Пратасевічам - і аб цяперашнім праймерыз, які праводзяць мінскія гарадскія ўлады, і пра тое, што з хлопцам адбывалася зусім нядаўна.
 
- Раман, што стаіць за Вашым удзелам у выбарах у маладзёжную палату пры Мінскім гарадскім савеце?
 
- Нам не трэба нічога даказваць. Выбары з'яўляюцца адказам на тое, што адбываецца ў краіне, спробай дайсці да мэтавай аўдыторыі. Прычым мы спрабуем рабіць гэта афіцыйна, каб даказаць неэфектыўнасць той маладзёжнай палітыкі, якая зараз праводзіцца ў краіне.
 
Дарэчы, сайт, дзе адбываецца галасаванне - mp2011.by - скапіяваны з расійскага, толькі тут няма мядзведзя "Адзінай Расіі". Ды і інфармацыі на сайце - кот наплакаў, у сацыяльных сетках яе куды больш. Так што, я б сказаў, вельмі дрэнная арганізацыя гэтага праймерыз.
 
- Так Вы не маеце асаблівых надзей увайсці ў склад маладзёжнага савета, я так разумею?
 
- Не тое, што не маю... Раней пераважна ўвесь савет складаўся з членаў БРСМ. Што тычыцца мяне, то для мяне галоўнае не ў гэтым, галоўнае - дайсці да нашай аўдыторыі.
 
- Ваш удзел у "маўклівых акцыях" скончыўся канфліктам у сям'і, сыходам з дому і выключэннем (або сыходам) з Ліцэя БНТУ. Ці атрымалася ў Вас разруліць гэтую сітуацыю?
 
- Відавочна, зараз усё добра, цішыня і спакой. У школе праблем няма. Прывык.  

- А як з бацькамі: у Вас выйшаў ідэалагічны канфлікт ці звычайны канфлікт "бацькоў і дзяцей"? Ці знайшлі паразуменне?
 
- Зараз я стараюся на гэтую тэму - пра палітыку - не размаўляць. Аб палітыцы ў сям'і не гаворым - як паказала практыка, з гэтага нічога добрага не атрымліваецца. 

- Адразу пасля жнівеньска-вераснёўскіх падзей Вы сталі сябрам "Маладога фронту"? Чаму менавіта "Малады фронт"?
 
- Пра "Малады фронт" я фактычна нічога не ведаў. Жаданне далучыцца да арганізацыі выказваў яшчэ ўлетку, але не да таго было. Сам шукаў кантактаў з "Маладым фронтам", а "Малады фронт", аказваецца, шукаў кантактаў са мной.
 
Арганізацыя мне вельмі падабаецца: тут вельмі добрая атмасфера, тут, як у вядомым фільме, адзін за ўсіх, і ўсе - за аднаго. Гэта сапраўды адна цэлая сям'я.
 
- Вы сталі шараговым сябрам або Вам вылучылі канкрэтны ўчастак дзейнасці?
 
- Зараз я спрабую ўзначаліць невялікі прэс-аддзел ў "Маладым фронце". Вельмі шмат размаўляю са сваімі аднагодкамі, якія хочуць стаць сябрамі "Маладога фронту".
 
- Дарэчы, а бацькі вашы ведаюць аб тым, што іх сын - "маладафронтавец"?
 
- Вядома, ведаюць. Не раз я распавядаў сваім бацькам, чым мы, арганізацыя, займаемся. Бо бацькі мераюць "Малады фронт" шаблонамі: хочуць сабрацца на плошчы і настукаць сотні амапаўцаў па галаве. Не. Галоўнае - гэта нацыянальнае адраджэнне, гэта мова.
 
- Ваш бацька - ідэолаг ў Ваеннай акадэміі. Пасля тых падзей ён не пацярпеў?
 
- Зараз сітуацыя адносна нармалізавалася, і я не бачу падставаў, каб ён за нешта адказваў.
 
- Вельмі цьмяная гісторыя атрымалася з Вашым адлічэннем (сыходам) з Ліцэя БНТУ. Дык усё ж: адлічылі ці вы самі сышлі?
 
- Зараз я вучуся ў сярэдняй школе № 94 Мінска. Там фактычна няма напружанасці - лягчэй вучыцца. І зараз я рады, што перайшоў у гэтую школу...
 
Пасля той гісторыі мы пайшлі разам з бацькам, забралі дакументы і падалі ў СШ № 94. Калі дырэктар Ліцэя БНТУ адмаўляецца ад каментароў на гэты конт, то што магу сказаць я? (смяецца).
 
- Апошняе, Раман: удзел у "маўклівых рэвалюцыях", затым сяброўства ў "Маладым фронце", зараз - удзел у выбарах у Маладзёжную палату пры Мінскім гарсавеце. Ваша будучыня бачыцца Вам у палітыцы ці яшчэ не думалі пра гэта?
 
- Як будзе далей - жыцьцё пакажа. Не буду загадваць наперад...
 
Як усё пачыналася ...
 
Гісторыя Рамана Пратасевіча пачалася 6 ліпеня 2011 года. Тады 16-гадовага хлопца затрымалі на маўклівай акцыі ў Мінску. Як непаўналетняга, яго адпусцілі, але бацькам і ў навучальную ўстанову паведамілі.
 
Бацькі юнака не падзяляюць перакананні сына, таму без скандалу не абышлося.
 
Бацька  Дзмітрый Пратасевіч працуе старэйшым выкладчыкам кафедры ідэалагічнай работы Ваеннай акадэміі. А мама, шчыра праваслаўная, па словах юнака, спрабавала зацягнуць сына на сеанс экзарцызму, каб "выгнаць д'ябла".
15:52 05/12/2011


Загрузка...
Загрузка...