АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Максим Гацак Для аўтакефаліі Беларускай Праваслаўнай Царквы не хапае толькі палітычнай волі

Апошнія імклівыя падзеі вакол магчымай аўтакефаліі ўкраінскага праваслаўя ўжо не ў першы раз ставяць пытанне аб магчымасці ўзнаўлення самастойнасці і беларускімі праваслаўнымі. І апошнія падзеі робяць гэты працэс усё больш магчымым, праўда, ёсць адзін нюанс – адсутнічае палітычная воля беларускіх уладаў, тады як Масква раздарвацца аўтакефаліямі не збіраецца.


Што змянілася за апошні час для магчымай будучай аўтакефальнай БПЦ? Найбольш важным у гэтым плане можна лічыць стаўленне Канстанцінопаля да падзей 1686 года, калі Кіеўская мітраполія, да якой належалі і сучасныя беларускія землі, была перададзеная Маскве.

Раней, напрыклад, падчас надання Томасу аб аўтакефаліі Польскай Царкве ў 1924 годзе, Канстанцінопаль заяўляў, што “першае аддзяленне ад Нашага Пасаду Кіеўскай мітраполіі і залежных ад яе Праваслаўных мітраполій Літвы і Польшчы, а таксама далучэнне іх да святой Маскоўскай Царквы наступіла не паводле прадпісанняў кананiчных правілаў”.

Цяпер жа Сінод Канстанцінопальскага Патрыярхату пастанавіў “адклікаць прававыя абавязацельствы па Сінадальным лісце 1686 года, выдадзеным па абставінах таго часу, якім паводле іканоміі Маскоўскаму Патрыярху было дадзена права пастаўляць мітрапаліта Кіеўскага, абранага Саборам святароў і свецкіх яго епархіі, які павінен быў памінаць Усяленскага Патрыярха ў якасці першаіерарха на любых царкоўных службах, абвяшчаючы і пацвярджаючы сваю кананічную залежнасць ад Канстанцінопальскай Маці-Царквы”. Такім чынам, Беларусь, на думку Фанара, больш не адносіцца да кананічнай тэрыторыі Масквы.

У гэты ж час Маскоўскі Патрыярхат усё больш рызыкуе загнаць сябе ў раскол. Калі яшчэ месяц таму скасоўвалася еўхарыстычная лучнасць з Канстанцінопалем толькі на ўзроўні епіскапаў, то сёння гэта закранула ўжо святароў і міранаў. І прадстаўнікі РПЦ працягваюць пагражаць іншым цэрквам, што ў выпадку прызнання ўкраінскай аўтакефаліі, разарвуць стасункі і з імі. А гэта значыць, што калі раней сысці з РПЦ азначала для праваслаўных вернікаў апынуцца ў расколе, то зараз менавіта знаходжанне ў юрысдыкцыі Масквы можа адцягваць ад сусветнага праваслаўе. І негатыўная рэакцыя многіх актыўных вернікаў на рашэнне Мінскага сіноду – таму доказ.

У наяўнасці ў беларускіх праваслаўных і гісторыя аўтакефальнага руху. Тут і прыналежнасць да ўзгаданай Кіеўскай мітраполіі, і спробы стварэння аўтакефальнай царквы Рэчы Паспалітай на саборы ў Пінску ў 1791 годзе, і абвяшчэнне аўтакефаліі ў 1927 годзе ў БССР і ўваходжанне ў тыя ж часы Заходняй Беларусі ў склад Польскай Аўтакефальнай Царквы. Тут і эміграцыйны перыяд аўтакефаліі і спробы яе аднаўлення ў 1990-х.

Ёсць імкненне да аўтакефаліі і сярод беларускіх нацыянальных элітаў, як уцаркоўленых, так і не. А падзеі агульнага сходу епархій Мінскай мітраполіі, дзе амаль адзінадушна і горача была падтрыманая ідэя больш шырокай аўтаноміі БПЦ у складзе РПЦ, паказвае, што незалежніцкія памкненні не чужыя і беларускім праваслаўным святарам. Адзінае, што ва ўмовах зацверджанай заканадаўча манаполіі Маскоўскага Патрыярхату на праваслаўным рэлігійным поле Беларусі, няма магчымасці развіваць іншыя, па-за маскоўскія праваслаўныя структуры.

Але гэта можа стаць і плюсам для атрымання беларускім праваслаўем аўтакефаліі ў будучым. Як пісалася раней, ва ўмовах аўтарытарнай беларускай улады і адсутнасці іншых канкуруючых праваслаўных цэркваў, афіцыйны Мінск можа значна прасцей “загітаваць” беларускіх праваслаўных падтрымаць аўтакефалію: дзесьці падтрымаўшы адпаведныя незалежніцкія рухі, а дзесьці націснуўшы на праціўнікаў. І ў выніку, калі ва Украіне праваслаўныя розных юрысдыкцый пры слабай уладзе ніяк не могуць дамовіцца, як жа ім аб’ядноўвацца, у Беларусі такое пытанне магло б вырашыцца на чарговым Усебеларускім з’ездзе пад фанфары прэзідэнцкага аркестру і з падтрымкай умоўнага БРСМ, на якім улады, клір і вернікі маглі б прыняць супольны зварот да Канстанцінопаля нават пры ўмове наяўнасці пасіўнай большасці.

Але неабходнай волі для гэтага ў афіцыйнага Мінска пакуль няма. І чакаць, што ў сённяшніх эканамічных і геапалітычных умовах надзвычайна моцнай залежнасці ад Масквы яна з’явіцца, таксама не выпадае.




«Статья в рубрике «Особое мнение» является видом материала, который отражает исключительно точку зрения автора. Точка зрения редакции «Белорусского партизана» может не совпадать с точкой зрения автора.
Редакция не несет ответственности за достоверность и толкование приведенной информации и выполняет исключительно роль носителя.
Вы можете прислать свою статью на почту belpartisan@gmail.com для размещения в рубрике «Особое мнение», которую мы опубликуем».