АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Выбары-2019 Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Забойства Паўла Шарамета

Ярослав Романчук Не проста скандал

Адкрыццё прыватнага рэстарана “Паедзем паямо” на дзяржаўнай зямлі ва ўрочышчы Курапаты ў Менску — гэта не проста скандал. Тым больш не звычайная спрэчка гаспадарчага суб’екта з групай аматараў гісторыі.


Месца, дзе сталінскія каты забілі ~ 250 тысяч чалавек, заслугоўвае нацыянальнага мемарыяла вечнай памяці. Такое месца павінны ведаць і наведваць усе школьнікі. Пра яго трэба гаварыць праўду на ўроках гісторыі, падчас нацыянальных святаў. Гэта месца смутку і памяці. Месца, дзе трэба маліцца, успамінаць трагічныя старонкі гісторыі Беларусі. Месца, якое павінна аб’ядноўваць і гуртаваць нацыю. Курапатам — месца ў адным шэрагу з Хатынню, плошчай Перамогі і Трасцянцом.

Адкрыццё рэстарана ў Курапатах — гэта амаральнасць, бескультур’е, цынізм і наплявацельскае стаўленне да сваёй гісторыі, да свайго народу VIP-распарадчыкаў чужога (палітыкаў і чыноўнікаў). Калі яны да Курапатаў так ставяцца, то ў іх няма нічога святога… Яны таварышы без роду і племені. Яны дачаснікі і хапугі. У іх няма краіны, а ёсць месца, дзе можна хапаць, “пілаваць” і асвойваць чужое. Такое магчыма толькі ў дзяржаве наменклятурна-палітычнага дыктату, поўнай пагарды інтарэсаў людзей, адкрытага «фе» партнёраў Вялікай дзяржавы па камерцыйнай дзейнасці ў дачыненні да спажыўцоў.

“Паедзем паямо” ў Курапатах — гэта гідкая праява пагарды VIP-чыноўнікаў каштоўнасцямі грамадства, памяццю пра продкаў і выхаваннем моладзі. Такое магчыма толькі ў краіне, дзе мясцовая ўлада ніяк не залежыць ад меркавання жыхароў горада або рэгіёну. Такі скандал з’яўляецца следствам фанабэрыстасці і абыякавасці ўладаў Мінска да мінчукоў, да ўсіх беларусаў, якія шануюць сваю краіну, яе гісторыю і культуру.

Калі б Беларусь была краінай палітычнай, грамадзянскай і эканамічнай свабоды, адкрытай канкурэнцыі і актыўнай грамадзянскай супольнасці (гарант патрыятызму), то не тое, што будаўніцтва забаўляльнага комплексу ў Курапатах было б немагчыма. Нават падача заяўкі камерцыйнай арганізацыі на такое будаўніцтва выклікала б буру грамадскага гневу і абурэння. Супраць такой ініцыятывы хутка б кансалідаваліся не толькі гістарычныя і культурныя арганізацыі і цэнтры. Супраць выступілі б арганізацыі па абароне правоў спажыўцоў, канкурэнты такога бессаромнага бізнэсмена. Яго рэпутацыі і брэнду быў бы нанесены смяротны ўдар. Ва ўмовах капіталізму і дэмакратыі ТАА «Амізбел» і ўсе яго заснавальнікі сталі б банкрутамі. Такі нематэрыяльны актыў, як «нацыянальная памяць» даражэй не толькі заняпалага рэстарана, але любога іншага бізнесу. Такога роду дзялкам ніхто з банкіраў не даў бы крэдытаў. Ніхто з страхавальнікаў не стаў мець з імі справу. Ва ўмовах свабоднай краіны спрабаваць адкрыць рэстаран у Курапатах — гэта як падпісаць сабе прысуд аб банкруцтве і разбурэнні дзелавой рэпутацыі.

Але цяперашняя Беларусь — гэта царства наменклатурных начальнікаў. Яны па блаце, па сваіх сувязях раздаюць дазволы патрэбным людзям, пазбаўляюць права жыць у сваіх хатах тысяч мінчан (генеральны план, разумееце), перакройваюць і перабудоўваюць зямлю, каб узбагаціцца і ўзбагаціць патрэбных людзей. Гэта ў іх у вачах — толькі $ -доллары. Гэта ў іх на душы — пустата і гістарычная цвіль. Мінскія ўлады (Мінск і Мінская вобласць) сталі прадаўцамі і арэндадаўцамі таго, што ў свабоднай краіне, дзе свята паважаецца памяць пра сваіх продкаў, ніколі не было аб’ектам куплі-продажу.

У дадзенай сітуацыі мінскія ўлады проста абавязаны адклікаць усе рашэнні, якія выдалі на будаўніцтва «Паедзем паямо». Генеральная пракуратура проста абавязаная разгледзець працэдуру выдачы дазволаў і асабліва пазіцыю Міністэрства культуры і Нацыянальнай акадэміі навук. Хай уладальнікі рэстарана ў судзе высвятляюць, хто, каму і колькі павінен кампенсаваць за гэты праект. Па факце будынак рэстарана і ўвесь забаўляльны комплекс павінны быць знесены. На ўзроўні кіраўніцтва краіны павінна быць створана спецыяльная камісія, якая распрацуе і прапануе на грамадскае абмеркаванне праект стварэння нацыянальнага мемарыяла «Курапаты».

Нізкі паклон усім тым людзям, якія сёння стаяць на абароне нашай нацыянальнай памяці і гісторыі. Яны героі. Яны патрыёты. Яны беларусы, якія не прадаюцца. Яны кінулі выклік амаральнай сістэме. Мы проста абавязаны іх падтрымаць.


«Статья в рубрике «Особое мнение» является видом материала, который отражает исключительно точку зрения автора. Точка зрения редакции «Белорусского партизана» может не совпадать с точкой зрения автора.
Редакция не несет ответственности за достоверность и толкование приведенной информации и выполняет исключительно роль носителя.
Вы можете прислать свою статью на почту belpartisan@gmail.com для размещения в рубрике «Особое мнение», которую мы опубликуем».