АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Няма чаго прыкідвацца чалавекам, калі ты - свіння

Свіння ў зялёнай вайсковай форме, якая ламае сланечнікі і спальвае хаты; свіння, якая гуляе ў хакей, але кепска разумее, як выйграваць; свіння ў папскай расе і "свіння-БССР" - у гродзенскім Цэнтры гарадскога жыцця кожны можа пагрузіцца ў метафарычны, у чымсьці палохаючы свет людзей, свіней і беларускай рэчаіснасці. Тут адкрылася выстава вядомага гродзенскага мастака Алеся Сурава "У краіне сала".


Няма чаго прыкідвацца чалавекам, калі ты - свіння
1 из 13
"Девочка на шаре" - известный образ великого художника Пабло Пикассо. Алесь Суров изобразил белорусскую "девочку на шаре", посмеявшись над теми женщинами, которые всю жизнь стремятся быть идеальными, забывая о естественности.
Ёсць тут нешта сакральнае - сувязь свіней і людзей, сказаў мастак, адрываючы выставу, прысвечаную сымбалю 2019 года - свінне. На работах - палітычныя, сацыяльныя, рэлігійныя, гістарычныя, бытавыя сюжэты, якія разам складаюць своеасаблівы гімн беларускай рэальнасці.

Мастак Алесь Сураў

"Чым больш я на гэтую тэму думаў, тым больш станавілася страшна. Спачатку маляваў свіней, потым свіней і людзей, а потым людзей у выглядзе свінняў. Пад канец сам заблытаўся, хто ёсць хто ў нашым грамадстве, бо часта людзі забываюцца і паводзяць сябе як сапраўдныя свінні, а часам і горш ", - заўважыў Алесь Сураў.

На выставе можна ўбачыць гратэскныя вобразы з сельскай жыцця

"Мне прынцыпова хацелася паказаць, што краіна сала - гэта не Ўкраіна. Таму што беларусы вырошчвалі свіней і рабілі сала не менш, а можа і больш. Мы апошнім часам шукаем брэнды гарадоў, краіны, і сала магло б стаць брэндам Беларусі, бо гэта частка беларускай культуры.

На адкрыцці выставы прапаноўвалі паспрабаваць новы брэнд Беларусі на смак

У вёсках з такой душой вырошчваюць свіней, клапоцяцца пра іх, ставяцца да іх як да дзяцей, а потым ціха зарэжуць і ціха з'ядуць. Я зразумеў, што гэта канцэпцыя жыцця беларусаў: напрыклад, яны прымаюць з хлебам-соллю усіх захопнікаў, а потым - партызанская вайна, і ўсіх выганяюць", - сказаў у каментары "Беларускаму партызану" Алесь Сураў.


Многія працы на выставе даволі правакацыйныя і дзёрзкія. Магчыма, некаторых могуць нават пакрыўдзіць.

"У савецкі час беларусам адбілі ахвоту смяяцца, таму зараз, напрыклад, у грамадскім транспарце ўсе такія сумныя і панурыя. Сёння многія беларусы баяцца пасмяяцца над сабой, іншымі. Калі паглядзець этнаграфію, то раней смяяліся над усім, ёсць прымаўкі з такім выкрунтасамі - сучасныя гумарысты не заўсёды так напішуць, як прыдумаў народ. Паглядзіце габрэйскі гумар - яны ж смяюцца абсалютна над усім. Нацыя, якая можа над сабой пажартаваць, аздараўляецца. Людзей, якія ўмеюць жартаваць, баяцца. Я гэта добра адчуў сам на сабе", - адзначыў Алесь Сураў.


Сапраўды, Алесь Сураў ў 1995-1998 гг. быў аўтарам дзясяткаў палітычных і сацыяльных карыкатур, якія "разрывалі шаблоны". За сваю дзёрзкасць і смеласць мастак падвергнуўся пераследу ўладаў, але дзякуючы ўмяшанню міжнароднай супольнасці застаўся на волі.

"Палітыкі больш за ўсё баяцца, калі над імі смяюцца. Таму што смех разбурае глупства. Супраць смеху няма зброі", - упэўнены Сураў.


Мастак правёў для нас міні-экскурсію па сваіх работах.

"Вось, напрыклад, хакей. Настроілі лядовых палацаў, накупілі вельмі дарагіх замежных хакеістаў, а яны нічога не выйграюць. Ну не свінні, га?"


"Дзякуючы свінням беларусы выжылі ў савецкія часы. Не жылі, а на свінні праехалі".


Можна тут убачыць прымаўкі і прыказкі - беларускія і рускія, адпаведныя па значэнні. Напрыклад, "В тихом омуте черти водятся", па-беларуску - "Ціхая свіння глыбокая рые". На карціне чорт замовіў свінне ціхі вір.


А гледзячы на гэтую працу, так і хочацца пажадаць нашай краіне ў год свінні не дазволіць аніякім свінням таптаць нашы палі. На фоне чарговых складаных перамоваў Пуціна і Лукашэнкі, заяў асобных расейскіх палітыкаў пра неабходнасць "ўзмацнення інтэграцыі Беларусі і Расіі" і актывізацыі расійскіх СМІ на беларускую тэматыку гэта гучыць вельмі актуальна.


Але няма сэнсу шмат тлумачыць, лепш раз паглядзець і разглядзець сваё.
#1#

08:24 27/12/2018