АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Навіны палітвязьняў: Уладзімер Мацкевіч у СІЗА піша кнігу

Па стане на 11 лістапада 829 чалавек знаходзяцца ў беларускіх турмах у палітычна матываваных справах.



Беларускі мэтадоляг і аналітык Уладзімер Мацкевіч ужо 100 дзён знаходзіцца за кратамі, а ягоныя тэксты правяраюць на «распальваньне варожасьці». Ягоны арышт нядаўна падоўжылі да 4 сьнежня, піша Deutsche Welle.

Калегі і родныя Мацкевіча адзначаюць, што сытуацыя зь перапіскай далёкая ад ідэалу, а па першым часе, калі ён сядзеў у адзіночнай камэры, то амаль не атрымліваў лістоў, але шмат пісаў сам. З турмы Мацкевіч піша, што маральна пераносіць зьняволеньне лягчэй за маладзейшых калег, робіць фізычныя і дыхальныя практыкаваньні і моліцца.

«Здаецца, што лісты па два тыдні правяраюцца цэнзурай, таму што ўсе адказы, што да нас дайшлі, прыйшлі празь месяц пасьля адпраўкі. Я паслаў 5 лістоў, але атрымаў толькі два адказы і паштоўку», — кажа вучань і сябар Мацкевіча Кірыл Мальцаў.

Дачка палітвязьня Надзея Лучанок просіць знаёмых дасылаць бацьку лісты, бо сама жыве за мяжой. Інфармацыю пра здароўе яна атрымлівае ад адваката.

Палітвязень адзначае, што працягвае пісаць кнігу, хоць пры кампутары напісаў бы ў 3-4 разы больш. Ён згадаў, што калі быў у ізалятары на Акрэсьціна, прачытаў сукамэрнікам дзьве лекцыі пра Старажытную Грэцыю і філязофію.

Уладзімера Мацкевіча арыштавалі 4 жніўня — сілавікі прыйшлі да яго зь ператрусам, канфіскавалі ўсю тэхніку, а празь некаторы час выставілі абвінавачаньне паводле артыкулу 342 КК «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак».

14:00 11/11/2021


Загрузка...
Загрузка...