АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

«Скіфскае золата» вернецца ва Ўкраіну. Так вырашыў суд у Нідэрляндах


Апэляцыйны суд Амстэрдама вырашыў, што калекцыя скіфскага золата, вывезеная з Крыму да анэксіі паўвострава Расеяй у 2014 годзе, мае вярнуцца ва Ўкраіну.

Пра гэта паведамляе агенцтва Reuters.

Такім чынам, апэляцыйная судовая інстанцыя пацьвердзіла рашэньне, ухваленае 14 сьнежня 2016 году судом Амстэрдама.

На момант перадачы калекцыі ў Нідэрлянды Крым зьяўляўся часткай Украіны, таму мясцовыя музэі павінны былі падпарадкоўвацца мясцоваму заканадаўству. Украінскі суд, у сваю чаргу, раней палічыў законным патрабаваньне Міністэрства культуры вярнуць экспанаты ў Кіеў.

Калекцыя скіфскага золата была вывезеная з Крыму на выставу ў археалягічны музэй у Амстэрдаме ў пачатку лютага 2014 году, яшчэ да таго, як паўвостраў быў анэксаваны Расеяй. Усяго ў калекцыі каля дзьвюх тысяч артэфактаў, у тым ліку такія, што ня маюць аналягаў у сьвеце.

Афіцыйны Кіеў запатрабаваў вяртаньня калекцыі ва Ўкраіну, заявіўшы, што экспанаты зьяўляюцца «нацыянальным здабыткам Украіны». Расея, у сваю чаргу, настойвала на перавозе экспанатаў у Крым, бо пагадненьне аб правядзеньні выставы падпісвалася з крымскімі музэямі.

12:31 26/10/2021


Загрузка...
Загрузка...