АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Рэдактар «Камсамолкі»: Мажэйку ў Менск адправілі расейскія спэцслужбы

Журналіст беларускай «Камсамолкі» Генадзь Мажэйка спрабаваў паляцець у Варшаву, але расейскія спэцслужбы пасадзілі яго на рэйс у Менск. Пра гэта ў эфіры RTVI заявіў галоўны рэдактар расейскай «Комсомольской правды» Ўладзімір Сунгоркін.

Рэдактар «Камсамолкі»: Мажэйку ў Менск адправілі расейскія спэцслужбы
«Неафіцыйна мы ведаем вось што: калі ён прыехаў у аэрапорт Шарамецьева на рэгістрацыю рэйсу ў Варшаву, да яго падышлі супрацоўнікі нашых спэцслужбаў, зноў жа, я кажу „нашы“ неафіцыйна, і сказалі: „Дарагі таварыш Мажэйка Генадзь, вы лічыцеся ў нас у сьпісах непажаданых пэрсонаў і павінны пакінуць Маскву», — апавёў Сунгоркін.

«Як я разумею, ён кажа: „Ахвотна пакіну, вось мой квіток у Варшаву“. „Прабачце, не-не-не, вы павінны пакінуць Маскву і вярнуцца туды, адкуль вы да нас прыбылі. Вы павінны вярнуцца ў Менск, і мы вам у гэтым дапаможам“».

Галоўны рэдактар «КП» адзначыў, што Мажэйку правялі ў самалёт на рэйс у Менск, там яго сустрэлі супрацоўнікі КДБ Беларусі і ўжо даставілі зразумела куды.

Сунгоркін таксама паведаміў, што ў Маскве Мажэйка ня зьвязваўся зь ім.

6 кастрычніка прэсавы сакратар расейскага прэзыдэнта Дзьмітры Пяскоў заявіў, што Крэмль ня мае інфармацыі, дзе і калі быў затрыманы Мажэйка.

«Калі вы хочаце неяк гэта зразумець, то, пэўна, трэба зьвяртацца ў нашыя памежныя службы і гэтак далей», — цытавала яго ТАСС.

З таго часу афіцыйнай інфармацыі ад памежнай ці іншых службаў Расеі наконт затрыманьня Мажэйкі не было.

10:17 16/10/2021


Загрузка...
Загрузка...