АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Вярхоўны суд пакінуў без зменаў 11-гадовы тэрмін палітвязню Ціхану Осіпаву

Сёння, 30 ліпеня, Вярхоўны суд разглядзеў апеляцыйную скаргу на прысуд 25-гадоваму Ціхану Осіпаву. За наезд на пяць вайскоўцаў падчас пратэстаў у жніўні мінулага года, удзел у масавых беспарадках, а таксама за ілжывы данос (пасля ДТЗ хлопец заехаў на машыне ў вадаём, пакінуў яе там і заявіў аб згоне) Мінгарсуд асудзіў Ціхана да 11 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.


Ціхана абвінавацілі па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: па ч. 2 арт. 293, ч. 1 арт. 400, ч. 1 арт. 14 і арт. 362. Ён прызнаў віну толькі па арт. 400 Крымінальнага кодэкса, па іншых артыкулах не прызнаў. Сёння судовая калегія Вярхоўнага суда пакінула прысуд без зменаў.

У судовую калегію, якая разглядала скаргу палітвязня на жорсткі прысуд, уваходзілі Аляксей Рыбакоў (старшынствуючы), Андрэй Яфрэмаў, Сяргей Гураў. У разглядзе справы ўдзельнічала пракурорка Гаўрыленка.

Падчас апеляцыі Ціхану Осіпаву пералічылі тэрміны згодна са зменамі ў Крымінальны кодэкс, па якіх 1,5 дзень у калоніі лічыцца як 1 дзень у СІЗА. Пад вартай Ціхан знаходзіцца з 11 жніўня.

Калегія пакінула пакаранне без зменаў, але выключылі адну фармуліроўку, якая тычыцца галоўнага абвінавачвання па ч. 1 арт. 14 і арт. 362 (замах на забойства супрацоўнікаў АУС). Так, выключылі ўзгадвадванне пра тое, што машына Ціхана непасрэдна перад наездам на сілавікоў набрала хуткасць. Як адзначыла пракурорка, Мінгарсуд выйшаў за межы сваёй кампетэнцыі, калі пазначыў гэты факт.

У чым абвінавацілі Ціхана?

Нагадаем, згодна з версіяй абвінавачвання, у ноч з 10 на 11 жніўня «паддаўшыся на заклікі дэструктыўных тэлеграм-каналаў, каля гадзіны ночы 25-гадовы мінчук прыехаў на вуліцу Прытыцкага ў Мінску для ўдзелу ў масавых беспарадках. Малады чалавек знаходзіўся за рулём свайго BMW, з якога папярэдне зняў рэгістрацыйныя знакі. Ігнаруючы патрабаванні міліцыі, кіроўца адмовіўся адчыніць дзверы і застаўся сядзець у машыне. Пасля крануўся з месца і збіў пецярых вайскоўцаў унутраных войскаў. Наезд быў здзейснены на вайскоўцаў унутраных войскаў МУС, якія знаходзіліся ў форменным абмундзіраванні і якія прымалі ўдзел у ахове грамадскага парадку».

Паводле версіі следства, мужчына схаваўся з месца здарэння, кінуў аўтамабіль у вадаёме недалёка ад месца здзяйснення злачынства. З мэтай стварэння алібі патэлефанавала ў 102 і заявіў аб згоне. Будучы папярэджаным аб крымінальнай адказнасці за загадзя ілжывы данос, паведаміў недакладную інфармацыю пра абставіны перамяшчэння аўтамабіля і папрасіў арганізаваць яго пошук.

Пацярпелымі выступаюць вайскоўцы-кантрактнікі вайсковай частцы 5524 Васільчанка, Астапенка, Протас, Воліс, Ляпёшкін. Яны заявілі патрабаванні аб кампенсацыі маральнай шкоды: Васільчанка — 500 рублёў, Воліс, Ляпёшкін, Ратас, Астапенка — па 200 рублёў. Усе сумы кампенасаваныя да суда. Усе пацярпелыя на судзе заявілі, што прэтэнзій да абвінавачанага не маюць.

25-гадовага Ціхана Осіпава судзілі ў красавіку Мінскім гарадскім судзе за наезд на пяць вайскоўцаў падчас пратэстаў у жніўні мінулага года. Судовы працэс прайшоў цалкам, у спрэчках пракурор запрасіў для абвінавачанага 12 гадоў калоніі, а адвакат заявіў, што Осіпаў злачынства не здзяйсняў. Заставалася толькі абвясціць прысуд, аднак гэтага не адбылося: крымінальную справу пачалі разглядаць зноўку, з іншымі суддзёй і народнымі засядацелямі. Пасля аднаўлення судовага следства быў заменены суддзя з Дзмітрыя Цыкала на Пятра Арлова. Другое паседжанне прайшло спачатку і яно было амаль індэнтычным першаму: тыя ж допыты і пытанні. Пацярпелыя вайскоўцы амаль нічога новага не паведамілі суду.

19 траўня быў вынесены прысуд па справе. Па ч. 2 арт. 293 КК Ціхана Осіпава асудзілі да 4 гадоў калоніі, па ч.1 арт. 400 — да 1 года, па ч.1 арт. 14 і арт. 362 — да 10 гадоў, сумарна — 11 гадоў пазбаўлення волі. Маральную шкоду пацярпелым вайскоўцам у агульнай суме 1300 рублёў ён кампенсаваў да суда.



14:50 30/07/2021


Загрузка...
Загрузка...