АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Хвораму на дыябет журналісту Скурку пачалі даваць належнае харчаванне ў СІЗА

Інсулін цяпер захоўваюць правільна. Раней на Акрэсціна кідалі так, што лекі маглі сапсавацца.

Андрэй Скурко, кіраўнік аддзелу рэкламы і маркетынгу «Нашай нівы». Фота: Reform.by
Як стала вядома 22 ліпеня, кіраўніка аддзелу рэкламы і маркетынгу «Нашай нівы» Андрэя Скурка перавялі ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага пасля 13 дзён у ізалятары на Акрэсціна. Усе тыя 13 дзён ён правёў без матраца, падушкі, зменнага адзення і сродкаў гігіены, без перадачаў ад родных.

Людзі, якія бачылі Скурка ў няволі, расказвалі «Нашай ніве», што ён моцна схуднеў і кепска выглядае.

У Андрэя дыябет І тыпу, ён інсуліназалежны і мае патрэбу ў адмысловым харчаванні. На Акрэсціна яму не давалі неабходнай ежы, а інсулін клалі на парозе душнай камеры (інсулін трэба захоўваць у лядоўні, каб не сапсаваўся). Таксама ў яго не было належнай хвораму на дыябет фізічнай актыўнасці, падчас якой арганізм выпрацоўвае інсулін.

На Валадарцы стала лепей

Жонка Андрэя, Паўліна Скурко, расказала журналістам: учора муж перадаў, што інсулін усё ж паклалі ў лядоўню. Умовы на Акрэсціна і на Валадарцы – «неба і зямля», кажа яна: далі матрац, вывелі гуляць, даюць дадатковае харчаванне для дыябетыкаў, перадачы можна даваць кожны будні дзень, і перадаюць іх у той жа дзень. Цяпер Андрэя могуць адкарміць мясам і вітамінамі.
Чаму Андрэя трымаюць у няволі, Паўліна не ведае:

«Ніхто не ведае, чаму гэтых людзей, чаму Андрэя схапілі. Ён цяпер начальнік аддзелу рэкламы – можа быць, таму. Але мы не ведаем».

Чатырох нашаніўцаў затрымалі 8 ліпеня. Спачатку іх падазравалі ў арганізацыі дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, але праз 10 дзён перазатрымалі паводле артыкулу за нанясенне маёмаснай шкоды без прыкметаў раскрадання: нібыта за тое, што няправільна аплочвалі камунальныя паслугі ў офісе.

Бухгалтарку «Нашай нівы» Вольгу Раковіч вызвалілі 16 ліпеня. Колішні галоўны рэдактар «Нашай нівы», а цяпер галоўны рэдактар часопісу «Наша гісторыя» і двух дзіцячых часопісаў Андрэй Дынько быў вызвалены 21 ліпеня, але застаўся падазраваным. Галоўны рэдактар «Нашай нівы» Ягор Марціновіч, як і Андрэй Скурко, цяпер на Валадарцы.




13:37 24/07/2021


Загрузка...
Загрузка...