АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

«Увесь твар быў у крыві». У Горадні падчас аварыі з «Тыграм» пацярпела 5-гадовая дзяўчынка

У Горадні 11 жніўня адбылася аварыя з удзелам вайсковай машыны «Тыгар». Пацярпела 5-гадовая дзяўчынка.

«Увесь твар быў у крыві». У Горадні падчас аварыі з «Тыграм» пацярпела 5-гадовая дзяўчынка
Гарадзенец Уладзімер Чараўха, тата пацярпелага дзіцяці, расказаў Свабодзе сваю вэрсію падзеяў. Ён з жонкай і 5-гадовай дачкой Юляй ехалі ўвечары 11 жніўня з аднаго канца горада ў другі, зь мікрараёна Дзевятоўка на Альшанку. На вуліцы Паповіча пры пад’езьдзе да плошчы Дзекабрыстаў рух машын запаволіўся. Некаторыя аўтамабілі сыгналілі.

Іх машына не сыгналіла, была бяз стужак.

Раптам на таксі цёмнага колеру Шкода Рапід перад Уладзімерам выбегла 5-6 чалавек у чорнай форме без азначэньняў і пачалі дручкамі біць вокны.

«Усё адбывалася за сэкунды», — кажа гарадзенец.

Ён спужаўся за сваю сямʼю і выехаў на сустрэчную паласу. Калі яго машына параўнялася з таксоўкай, па ёй таксама ўдарылі дубінкай у лабавое шкло, яно рассыпалася. У гэты ж час збоку ў яго ўрэзаўся «БТР», як ён кажа, — вайсковая машына «Тыгар». Ззаду ў салён пасыпалася шкло.

Уладзімер выйшаў з аўтамабіля і атрымаў дручком па галаве. Яму разьбілі галаву, пацякло шмат крыві.

Мужчына стаў казаць, што ў машыне дзіця.

«Я сам ня мог выклікаць хуткую, бо ў галавы цякло шмат крыві, сэнсарны тэлефон не рэагаваў», — узгадвае ён.Яго затрымалі і апытвалі ўсю ноч у Сьледчым камітэце, потым выпусьцілі.

Нехта з мужчын побач стаіць завёз дзіця ў шпіталь.

Іна, маці дзяўчынкі кажа, што ёй страшна.

«Я цяпер з дому выходзіць баюся».

У дзяўчынкі разьбітая галава, заклеены твар. Лекары дыягнаставалі закрытую чэрапна-мазгавую траўму.

«Мама, я не хачу паміраць», — сказала 5-гадовая Юля, калі маці дастала яе з машыны, успамінае са сьлязьмі Іна.

Супрацоўнік прэсавай службы УУС Горадзенскага аблвыканкаму Белазёраў паведаміў Радыё Свабода, што сытуацыя патрабуе дэталёвага разбору і інфармацыя пра гэта будзе абавязкова даведзеная да грамадзкасьці.

Прэс-сакратар МУС Вольга Чамаданава паведаміла, што ня ведае дэталяў гэтага здарэньня. Яна кажа, што любыя пашкоджаньні, нанесеныя дзецям, расьсьледуюцца і інфармацыя пра гэта будзе паведамленая па выніках.

14:12 12/08/2020


Загрузка...
Загрузка...