АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Каранавірус: Жыровіцкі манастыр зьняў карантын і аднавіў службы

Жыровіцкі манастыр ад 1 чэрвеня зьняў карантын, уведзены ў красавіку праз успышку каранавіруса.

«Апавяшчаем вас аб тым, што Ўсьпенскі манастыр і дамы паломнікаў 1 чэрвеня зноў адчыняюць свае дзьверы для ахвочых наведаць сьвятое месца. Службы адпраўляюцца штодня», — гаворыцца ў паведамленьні на сайце манастыра.

Пры гэтым у манастыры заклікалі наведнікаў выконваць рэкамэндацыі
для прафіляктыкі заражэньня каранавірусам: сацыяльнае дыстанцыяваньне, асабістую гігіену, рэсьпіраторны этыкет.

Ад 20 красавіка Менская духоўная сэмінарыя і манастыр знаходзіліся ў рэжыме карантыну. У гэты дзень быў шпіталізаваны з пнэўманіяй рэктар сэмінарыі, архіяпіскап Наваградзкі і Слонімскі, намесьнік Жыровіцкага манастыра Гурый (Апалька).

У Слонімскую цэнтральную раённую лякарню быў дастаўлены 41 чалавек з манастыра і сэмінарыі ў Жыровічах. Пазьней манастыр прыпыніў прыём пілігрымаў і наведнікаў.

11:28 01/06/2020


Загрузка...
Загрузка...