АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Намесніка дырэктара «Белсату» аштрафавалі за парушэнне рэжыму самаізаляцыі, якога ён не парушаў

Намесніка кіраўніка «Белсату» Аляксея Дзікавіцкага ў Пінску аштрафавалі на 810 рублёў (30 базавых велічыняў) за парушэнне рэжыму самаізаляцыі. Аляксей Дзікавіцкі прыехаў з Польшчы ў Пінск, каб наведаць бацьку.

Лекары санэпідстанцыі запэўнілі, што ён не мусіць быць на каранціне, паколькі мае адмоўны тэст на каронавірус, але міліцыянты палічылі іначай.

Аляксей Дзікавіцкі прыехаў у Пінск 21 траўня. Перад прыездам ён адмыслова азнаёміўся з патрабаваннямі Мінздароўя, каб не патрапіць у непрыемную сітуацыю.

«Калі ты ў краіне, з якой выязджаеш, зробіш тэст і гэты тэст пакажа, што ты не хворы, то каранцін могуць скараціць. Я пабачыў гэтыя законы і вырашыў паехаць у Беларусь. Перад гэтым тэлефанаваў у Менск, у Мінздароўя і запытваўся. У дакуменце адзначана, што па прыездзе ў Беларусь неабходна накіравацца ў «высокаспецыялізаваную медычную ўстанову». Я не зусім зразумеў, што гэта такое. Пазней даведаўся, што гэта эпідэміялагічны цэнтр. Я патэлефанаваў у гэтую ўстанову, патлумачыў, што мой бацька цяжка хворы, мушу яго пабачыць, дапамагчы. Лекарка сказала, што калі будзе тэст, то я магу прыехаць і паказаць дакументы», – кажа Аляксей Дзікавіцкі.

Яшчэ ў Польшчы Аляксей зрабіў тэст на каронавірус. «20 траўня я зрабіў тэст, вынік быў адмоўны. А ўжо 21 я прыехаў у Беларусь, перакрочыў мяжу. Мне ўручылі памежнікі патрабаванне пра выкананне 14-дзённага каранціну, які я падпісаў, бо гэтую паперу ўсе падпісваюць. З гэтым патрабаваннем, вынікам аналізу, на польскай, ангельскай мове я ранкам наведаў эпідэміялагічны цэнтр. Мяне там добра сустрэлі, распавялі, што я першы наведнік. Дарэчы, тэст каштуе 640 злотых (385, 79 рублёў). Гэта шмат, але ў мяне проста не было іншага выйсця. У выніку я паказаў ім тэст, даведку пра перасячэнне мяжы. Лекарка падзякавала і сказала, што я магу ісці. Мне паабяцалі, што мае дакументы не перададуць у міліцыю. Бо міліцыя пільнуе выкананне каранціну», – адзначае Аляксей Дзікавіцкі.

У санэпідстанцыі Аляксей запытаўся пра даведку каб вярнуцца назад, раней чым праз 14 дзён. Лекарка паабяцала, што гэта можна зрабіць праз тыдзень. І ў выніку гэты тыдзень Аляксей спакойна займаўся сваімі справамі, быў у бацькі і ў Менску. А ранкам 28 траўня, калі прыехаў у санітарна-эпідэміялагічны цэнтр у Пінску каб атрымаць даведку лекарка раптам яму сказала, што даведак яны не выдаюць.

«На пытанне, што ж мне рабіць, яна сказала, маўляў, можа нешта заўтра прыдумаем і сказала прыйсці а 10 раніцы. А калі выходзіў з санстанцыі, мне патэлефанавала сястра і распавяла, што да бацькі прыехалі міліцыянты, якія запытваліся, дзе я знаходжуся. Прычым яны натуральна дапытвалі чалавека, якому 86 гадоў і які ў цяжкім стане. Я вярнуўся ў санстанцыю і перапытаўся, ці не падавалі яны дакументы міліцыянтам. Там адказалі, што нічым мне не могуць дапамагчы. Я паехаў пасля гэтага ў міліцыю, запытаўся, чаму наведваліся да бацькі і чаму мяне шукаюць. Але міліцыянты сказалі, што не шукаюць мяне. Я паехаў да бацькі, які сказаў, што досыць падрабязна распытвалі яго пра мяне. І калі я ад бацькі паехаў у Пінск, да яго ізноў прыехалі міліцыянты. Другі раз на дзень і зноў пачалі цікавіцца, дзе я знаходжуся», – кажа Аляксей Дзікавіцкі.

У выніку міліцыянты пазванілі Аляксею на мабільны тэлефон і паведамілі, што шукаюць яго, паколькі ён выконвае каранцін.

«Мы сустрэліся з міліцыянтамі я паказаў ім дакументы, патлумачыў сітуацыю. Але ў выніку на мяне склалі пратакол. Мяне абвінавацілі ў тым, што я парушыў рэжым самаізаляцыі. Міліцыянт патлумачыў, што дакументы ў РАУС паступаюць не з боку санстанцыі, але з мяжы. Я падпісаў пратакол, але напісаў, што не згодны з пастановай, паколькі мне далі інструкцыю і патлумачылі ў санстанцыі, што з увагі на тэст і дакументы не мушу выконваць рэжым самаізаляцыі», – кажа Аляксей Дзікавіцкі.

На наступны дзень міліцыянты пазванілі Аляксею Дзікавіцкаму і сказалі, што будуць разглядаць яго справу, але папярэдзілі, што ён не можа быць на судзе, бо калі з’явіцца, то на яго яшчэ раз складуць пратакол за парушэнне рэжыму самаізаляцыі і непадпарадкаванне.

У выніку суд адбыўся без прысутнасці Аляксея Дзікавіцкага, ягонага прадстаўніка не пусцілі ў суд. Аляксея пакаралі штрафам у памеры 30 базавых велічыняў (810 рублёў).




19:22 30/05/2020


Загрузка...
Загрузка...