АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

У тралейбусах Гродна ўвялі масачны рэжым. Хутка так будзе ва ўсіх грамадскіх месцах

У тралейбусах Гродна ўвялі масачны рэжым. Хутка так будзе ва ўсіх грамадскіх месцах
У гродзенскіх тралейбусах 29 траўня з’явіліся аб’явы пра неабходнасць выконваць масачны рэжым. Тралейбуснае ўпраўленне размясціла іх пасля рэкамендацыі аблвыканкама. Такія ж меры будуць выконваць у іншых грамадскіх месцах горада.


«Паважаныя пасажыры! Пры праездзе ў грамадскім транспарце ў абавязковым парадку неабходна выконваць масачны рэжым!» — сказана ў аб’яве на тралейбусах. Пакуль гэта рэкамендацыя, распавёў Hrodna.life дырэктар прадпрыемства Віктар Шарэйка. Караць за адсутнасць масак ці не пускаць без сродкаў абароны ў тралейбус не будуць.

Аб’явы з’явіліся пасля рашэння рабочай групы па мінімізацыі распаўсюджвання COVID-19 у аблвыканкаме. 28 траўня ў тралейбусным упраўленні атрымалі пратакол рашэння. За ноч інфармацыю вывесілі на тралейбусах.

Гродзенцы павінны будуць насіць маскі ў грамадскіх месцах: транспарце, крамах, рэстаранах і кафэ, вынікае з пратаколу. У дакумента ёсць тэрміны выканання. Віктар Шарэйка іх не раскрывае. Аргументацыі, чаму менавіта цяпер уводзіцца масачны рэжым, па словах дырэктара, у пратаколе не было.

Надзяваць маску трэба будзе і перасоўваючыся на міжгародніх аўтобусных маршрутах, гарадскіх маршрутах і таксі. У масцы прыйдзецца хадзіць і ў краму, аптэку, на пошту і ў банкі. Рабочая група рэкамендавала прыняць такія ж меры ў райвыканкамах.

Аблвыканкам таксама ўказаў забяспечыць пальчаткамі ўваходы ў гандлёвую залу. Рэкамендуюць абмежаваць колькасць кліентаў у крамах, грамадскім харчаванні, аптэках, аддзяленнях банкаў і на пошце з улікам выканання мер сацыяльнага дыстанцыявання, паведамляе grodnonews.by.

У працоўную групу па мінімізацыі распаўсюджвання COVID-19 пры аблвыканкаме ўваходзяць прадстаўнікі ўлады, медыкі, галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Гродна і Гродзенскага раёна Яніна Шарэнда.

Паводле звестак Міністэрства аховы здароўя, па стане на 29 траўня ў Беларусі пацверджаны 40 764 выпадкі каранавіруса, ачунялі 17 390 пацыенты, памёрла 224 чалавек.

07:36 30/05/2020


Загрузка...
Загрузка...