АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Брэсцкая фельчарка хуткай: нас на працы не тэстуюць— мы кантакты другога ўзроўню

Фельчарку хуткай медыцынскай дапамогі Брэста шпіталізавалі з двухбаковай пнеўманіяй. Да шпіталізацыі жанчына ездзіла на выклікі — у тым ліку, да пацыентаў з прыкметамі каранавіруснай інфекцыі.

Брэсцкая фельчарка хуткай: нас на працы не тэстуюць— мы кантакты другога ўзроўню
 Аднак тэст на COVID-19 ёй не рабілі, піша TUT.by.

Жанчына тлумачыць, што хвалюецца не столькі за сябе, колькі за навакольных: "У мяне з сям'ёй кантакт быў, з калегамі. Дома муж. Ён пасля інфаркту толькі закрыў бальнічны".

Фельчарка кажа, што тэсты на каранавірус ёй не рабілі і падчас працы: "Нас на працы не тэстуюць. Мы лічымся кантактамі другога ўзроўню".

Па словах брастаўчанкі, аднаразовы камбінезон на працы ёй даводзілася выкарыстоўваць шмат разоў: "Яго апрацоўвалі антысептыкамі, кварцавалі 30 хвілін, а потым зноў апраналі".

Галоўны лекар станцыі хуткай медыцынскай дапамогі Брэста Валянціна Пашкевіч у каментары TUT.by заявіла, што ўстанова працуе ў адпаведнасці з нарматыўнымі дакументамі. Мазок на каранавірус бяруць у тых медыкаў, якія працавалі пацыентамі з пацверджаным COVID-19, кажа яна. 

"Мы штодня кантралюем стан здароўя сваіх супрацоўнікаў, якія прыходзяць на змену. Мы ў першую чаргу зацікаўленыя ў тым, каб нашыя работнікі не хварэлі. Нам іх замяніць няма кім. Калі яны будуць хварэць, то хто ж будзе працаваць? Мы адсочваем гэтую сітуацыю", — запэўнівае Пашкевіч. 

Галоўны лекар таксама заяўляе, што сродкаў індывідуальнай абароны (рэспіратараў і камбінезонаў) на падстанцыях дастаткова: яны ёсць на складзе, і запасы пастаянна абнаўляюцца.

Дарэчы, пасля звароту да журналістаў брэсцкай фельчарцы 27 траўня ўсё ж зрабілі тэст на каранавірус. Вынік пакуль не вядомы.
пераклад euroradio.fm

11:07 28/05/2020


Загрузка...
Загрузка...