АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

«Ніхто з нас не верыць у афіцыйныя лічбы». Фельчар хуткай пра статыстыку, прэміі і захварэлых пасля параду

Фельчар брыгады менскай хуткай дапамогі ў інтэрв’ю belsat.eu распавёў, чаму ўлады штучна заніжаюць лічбы па каронавірусе і колькі грошай ён атрымаў за 180 гадзін працы з «ковіднымі» пацыентамі.

«Ніхто з нас не верыць у афіцыйныя лічбы». Фельчар хуткай пра статыстыку, прэміі і захварэлых пасля параду
Наш суразмоўца пажадаў захаваць ананімнасць, каб пазбегчы магчымых непрыемнасцяў. Мы таксама не называем падстанцыю, на якой ён працуе.

«Мы ўсе – кантакты першага ўзроўню»

Ці павялічылася асабіста вашая нагрузка ў траўні? Ці стала больш выклікаў да хворых на каронавірус?

У параўнанні з папярэднімі месяцамі нагрузка ў траўні павялічылася разы ў тры-чатыры. Спачатку, калі абвясцілі пра першыя зарэгістраваныя выпадкі ў Беларусі – была паніка, асабліва ў людзей сталага веку. Цяпер гэта збольшага прайшло, але загружанасць – не, бо пасля святаў здараюцца наплывы [захворвання].

Літаральна праз тыдзень пасля 9 траўня пачалася чарговая хваля, раней была хваля на Вялікдзень… Для медыкаў на хуткай асноўная праблема цяпер у тым, што шмат людзей хаваюць інфармацыю пра сябе, часта бываюць «залёты». Гэта калі нас выклікаюць, бо парэзалі пальчык ці месячныя балючыя, брыгада прыязджае без супрацьчумных касцюмаў, а там – або кантакты першага ўзроўню, або ўся сям’я з каронавірусам на ізаляцыі сядзіць. Дыспетчар недастаткова распытвае чалавека, ці меў той кантакты з хворымі, ці хварэе сам, таму амаль штодня атрымліваюцца «залёты».

Нагрузка павялічылася і таму, што паступае шмат «ковідных перавозак»: з дому ў шпіталь і наадварот. Бывае, што брыгада некалькі гадзінаў займаецца выключна транспартаваннем. Гэта робяць у тым ліку брыгады інтэнсіўнай тэрапіі і рэанімацыйныя, хаця часта чалавек адчувае сябе нармальна і не патрабуе дапамогі трох асобаў. Спецыфіка нашай брыгады прадугледжвае менш працы з COVID, але ў мяне за красавік назбіралася 180 гадзін, праведзеных з кантактамі або інфікаванымі, а ў траўні – 250.

Ці азначае такая загружанасць, што большасць медыкаў на хуткай дапамозе цяпер – кантакты першага ўзроўню?

Нават калі вы выклікаеце хуткую, бо стала кепска з сэрцам – сто адсоткаў да вас прыедзе кантакт першага ўзроўню. Абсалютна ўсе мы – кантакты першага ўзроўню, пачынаючы ад санітаркі да загадчыцы падстанцыі. На нашай падстанцыі першымі захварэлі санітаркі, потым дыспетчар. Бывае, ноччу паспяваеш трохі паспаць, а раніцай табе паведамляюць: твой калега, які ляжаў у 30 сантыметрах ад цябе – COVID+. Таксама бывалі сітуацыі, калі чалавек адпрацаваў на змене 5, 10, 12 гадзін, а яму тэлефануюць з санэпідслужбы і кажуць, што ў яго станоўчы мазок.

У вас таксама бралі мазок?

Так, у мяне ўвесь час адмоўны. У нас на падстанцыі бяруць мазкі, але мы да гэтага ставімся вельмі скептычна, многія не вераць у праўдзівасць гэтых мазкоў. Бо ў нас былі сітуацыі, што людзі паспявалі «па знаёмстве» зрабіць КТ раней за вынік тэсту, а там ужо бачныя паражэнні. Пры гэтым тэст прыходзіць адмоўны. Я вазіў сваю калегу па дамоўленасці ў шпіталь, ёй тыдзень пякло ў грудзі, а мазок быў адмоўны. Робім новы мазок ужо ў шпіталі і праз 2-3 дні адтуль тэлефануюць і кажуць, выбачайце, усё ж гэта Ковід. А чалавек цэлы тыдзень працаваў, пакуль не даведаўся.

Ва ўсёй брыгады на пачатку эпідэміі скакала тэмпература, тыдні два сядзеў ком у горле, які выклікаў занепакоенасць, раздражненне. Пытанне: мы перахварэлі ці што? Наўрад ці ва ўсіх псіхасаматыка была адначасова. Вынікі мазкоў прыходзяць нам праз тыдзень – два. Так што фактычна ніхто ў іх не верыць.

«Калегі набывалі СЧК за ўласны рахунак»

Як сёння выглядае сітуацыя з забяспечанасцю сродкамі індывідуальнай абароны на хуткай дапамозе?

Цяпер сітуацыя зрабілася трохі лепшаю, нават не ведаю, з чым гэта звязана. Спачатку сродкаў абароны вельмі не хапала. Многія калегі былі вымушаныя самі шукаць, збіраць і набываць сабе СЧК – за ўласны рахунак. Бо замест СЧК нам давалі крыва пашыты касцюм і маску з тканіны замест рэспіратара – прасцей ужо самому набыць сабе яго.

Літаральна ў апошнія некалькі зменаў камплектацыя ўсіх СЧК стала лепей. Хаця і ў траўні замест належных рэспіратараў былі такія марлева-бінтавыя незразумелыя павязкі. Нашыя кіроўцы, напрыклад, у 90 % выпадкаў не маюць СЧК, хаця прысутнічаюць побач з намі і часта дапамагаюць пагрузіць пацыентаў у машыну. Ім выдавалі проста з поліэтылену накідкі, цяпер выдаюць спанбондавы халат і марлевыя масачкі. Калі ўжо надта добра папрасіць – выдаюць нармальны касцюм, але не рэспіратар. Бо іх рэспіратарамі павінна забяспечваць аўтабаза, а там насамрэч робіцца бардак.

Мне падаецца, цяпер сітуацыя з забяспечанасцю СЧК палепшылася, бо валанцёрская дапамога збалансавала пастаўкі ад дзяржавы. 50 % ідзе ад дзяржавы, 50 % – ад валанцёраў. На ўсіх брыгадах ляжыць пра запас як мінімум адзін касцюм, і калі ты сумняешся – маеш права яго апрануць.

І ўсё ж, як бы мы ні перастрахоўваліся, пастаянна «залёт» на «залёце». Працы «цэнтру» (дыспетчараў, якія прымаюць выклікі – belsat.eu) ніхто не давярае, бо яны могуць прыняць абсалютную лухту, не запытаўшы і палову. Мы паўторна тэлефануем і апытваем людзей. Але людзі могуць і схлусіць, і забыцца.

Br 1200 за 300 гадзін працы

Ці атрымалі вы выплаты, абяцаныя медыкам, што працуюць з каронавірусам?

Як вам сказаць… У мяне і маіх калег раней заробак упаў на Br 150. Чаму – не ведаю. Ну, у траўні мне гэтыя Br 150 і кампенсавалі, дакінулі. У мяне адпрацаваныя агулам 300 гадзін, гэта дзве стаўкі – за іх я атрымаў Br 1200. Хто працаваў на адну стаўку – атрымаў Br 600.

Былі і тыя, каму выплацілі прэміі. Студэнтам практычна ўсім выдалі па Br 300 за содні працы з COVID. Хтосьці атрымаў, бо шмат выходзіў на змены па ўласным жаданні, за працу з дзецьмі, камусьці заплацілі Br 50 прэміі, камусьці – Br 700. Рэанімацыйным брыгадам, напрыклад, не вераць, што тыя пастаянна ездзяць па выкліках да хворых на каронавірус…

Калегі абураюцца збольшага не праз выплаты. Не падабаецца праца аператыўнага аддзелу, які не ўдакладняе інфармацыю, ці мелі людзі кантакты, ці хварэюць самі. У нейкі момант увесь аддзел сам злёг з каронавірусам – тады ўсю працу раскінулі на розныя падстанцыі і нашыя дыспетчары, якія павінны размяркоўваць візіты паміж намі, прымалі яшчэ і выклікі, і кансультавалі людзей.

Прыгадайце, калі ласка, самыя страшныя выпадкі з вашага досведу, звязаныя з хворымі на каронавірус.

Забіраў з дома на перавозку ў 10-ы шпіталь маладога хлопца, кантакт першага ўзроўню. Сатурацыя пры выкліку была 91 %. Малады чалавек добра выглядаў, добра сябе адчуваў, проста меў тэмпературу. Але па факце ў яго сатурацыя была каля 70 %. Звычайна ў такой сітуацыі чалавек не тое, што ўсміхаецца – ён проста ляжыць і намагаецца ротам набраць паветра. У яго, канешне, аказаўся каронавірус, але, нягледзячы на ўсю сімптаматыку ён перасоўваўся сам, чым вельмі здзівіў нас.

Ну а самае страшнае – перавозіць чалавека са шпіталя ў шпіталь з трубкай у горле і без свядомасці, у крайне цяжкім стане. Але ў нас такія перавозкі былі і ў мірныя часы, напрыклад, пасля чэрапна-мазгавой траўмы. Цяпер для нас гэта ўскладнілася тым, што ты ў касцюме, у масцы, пацееш і нічога не бачыш, але трэба сачыць за станам пацыента і абсталяваннем.

Ці верыце вы і вашыя калегі афіцыйнай статыстыцы Мінздароўя па каронавірусе?

Не, ні адзін чалавек. Ніхто з нас не верыць афіцыйным лічбам. Ні па агульнай колькасці, ні па смяротнасці. Дастаткова проста палічыць: кожны дзень толькі адна наша падстанцыя робіць вялізарную колькасць перавозак – 50 у дзень. Уявіце, што прыкладна столькі робіць яшчэ адна падстанцыя, і яшчэ адна…

Нам наўпрост кажуць, што такія і такія лабараторыі працуюць, спусціўшы рукавы. Кіроўцы пачынаюць дзяліцца інфармацыяй, маўляў, за адну ноч вывезлі 15-20 трупаў з COVID-19. Гэта ўсё абмяркоўваецца паміж працаўнікамі сістэмы аховы здароўя, таму які сэнс верыць?

У такім разе навошта, на ваш погляд, лічбы штучна заніжаюць?

Нядаўна, незадоўга да 9 траўня, я быў на візіце ў набліжанага да Лукашэнкі працаўніка, нейкага сілавіка ці то са службы бяспекі, ці то з КДБ. Выклік быў на зрыў сардэчна рытму. Пакуль набіралі прэпараты, шчыра разгаварыліся. Ён патлумачыў, чаму такія лічбы: таму што лічба 1000+ «вельмі шкодна ўздзейнічае на псіхалогію нашага насельніцтва». Я пераказваю ягоныя словы – вось і ўсё. Яны баяцца, што ў людзей банальна будзе паніка.

У іншы дзень калегі забіралі сапраўднага кадэбэшніка, які «плюсануў», схапіў недзе там у сябе ў памяшканні каронавірус. Ён так панасіў «вусатага генералісімуса», маўляў, дарэмна яго некалі падтрымлівалі, ён давядзе краіну да вельмі высокай смяротнасці.

Ці былі ў вас пацыенты, якія заразіліся менавіта падчас параду 9 траўня?

Так, у мяне асабіста быў такі выпадак. Праз некаторы час пасля параду прыехалі да жанчыны – працаўніцы дзяржаўнага архіву. Яна сказала, што ў яе пагоршылася самаадчуванне, з’явілася аддышка, паднялася тэмпература.

Я запытаў, ці былі на парадзе. Яе прымусілі пад пагрозай звальнення. Магчыма, яна заразілася недзе ў горадзе або на працы, але сама жанчына звязвала гэта з тым, што схадзіла на парад. Ім сказалі стаяць у самым натоўпе і не апранаць маскі. У першых шэрагах, на камеру, нельга было быць у масцы.

Пасля 9 траўня пайшла новая хваля, бо і парад, і начныя гулянні, і салют. Праўда, пасля Вялікадня хваля была яшчэ большай, бо там людзі кантактавалі ў цэрквах – закрытых памяшканнях. Але і пасля параду яна пачалася і пакуль не сціхае.

Якія ў вас як медыка патрабаванні да ўладаў?

Няхай адэкватна выконваюць сваю працу і разбяруцца з неразбярыхай у сістэме аховы здароўя. Зашмат бюракратыі, адкатаў, невыканання сваіх абавязкаў і ўтойвання інфармацыі.

Калі вы працуеце ў сферы аховы здароўя і хочаце падзяліцца сваёй гісторыяй з нашым тэлеканалам – дасылайце паведамленні на электронны адрас [email protected] або праз сацсеткі.

Кацярына Андрэева Belsat.eu


18:46 26/05/2020


Загрузка...
Загрузка...