АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Wargaming перадаў медыкам 100 тысяч аднаразовых ахоўных касцюмаў

Міністэрству аховы здароўя перададалі вялікую партыю сродкаў індывідуальнай абароны для медработнікаў, паведамляе прэс-служба ведамства.



Мінскі цэнтр распрацоўкі Wargaming бязвыплатна перадаў «Белмедтэхніцы» Міністэрства аховы здароўя 100 тысяч аднаразовых ахоўных камбінезонаў. Гэтыя сродкі індывідуальнай абароны былі адшытыя па спецыяльнай замове на вытворчых магутнасцях кампаніі Mark Formelle.

Акрамя таго, напярэдадні кампанія Wargaming і Дзіцячы фонд ААН (ЮНІСЕФ) перадалі ў Цэнтр экстранага рэагавання Міністэрства аховы здароўя партыю 91 тыс. фільтруючых масак класіфікацыі FFP3 (вытворчасць міжнароднай карпарацыі 3M).

«Гэтыя сродкі індывідуальнай абароны забяспечваюць найвышэйшую ступень фільтрацыі паветра, а таксама эфектыўную абарону органаў дыхання ад пранікнення часціц. Яны рэкамендаваны Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя для выкарыстання медыцынскімі работнікамі пры аказанні дапамогі пацыентам з COVID-19», — адзначылі ў прэс-службе.

У найбліжэйшы час рэспіратары будуць дастаўлены ва ўстановы аховы здароўя, якія ў іх найбольш маюць патрэбу: 20% — ва ўстановы аховы здароўя Мінска, па 12,5% — у Мінскую, Гомельскую і Брэсцкую вобласці, па 10% — у Гродзенскую, Магілёўскую, Віцебскую вобласці і падведамасныя РНПЦ, а таксама 2,5% у медустановы іншых ведамстваў.

Збор сродкаў ЮНІСЕФ у Беларусі працягваецца. Дапамагчы дактарам, якія працуюць з пацыентамі COVID-19, можна праз ахвяраванне на сайце Дзіцячага фонда.

nn.by
11:14 23/05/2020


Загрузка...
Загрузка...