АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Гомельскія ўлады адмовіліся ад флагштока за 1,5 млн. рублёў

Гомельскія ўлады не стануць траціць 1,5 млн. рублёў на ўзвядзенне флагштока на цэнтральнай плошчы горада. Увечары 20 траўня карыстальнік "Гомельскага чата канструктыўных змен" у Тэлеграме Канстанцін Мельнікаў звярнуў увагу, што будпляцоўку на месцы флагштока, супраць якога выступілі тысячы беларусаў, "зраўнялі з зямлёй".



Еўрарадыё паспрабавала атрымаць афіцыйнае пацверджанне таму, што флагшток застанецца толькі на чарцяжах і макетах. Дамагчыся каментара ад чыноўнікаў аказалася не так проста. Але пасля некаторай колькасці званкоў прэс-сакратар Гомельскага аблвыканкама Вольга Рабікава пацвердзіла Еўрарадыё, што ўзвядзенне флагштока на плошчы Леніна працягвацца не будзе.

Пра "залаты флагшток" у Гомелі загаварылі ў канцы лютага, калі тэндэр на правядзенне работ быў апублікаваны на сайце дзяржзакупак. Гомельскі флагшток быў запланаваны на 10 метраў ніжэй, чым стэла на плошчы Дзяржаўнага сцяга ў Мінску. На ім павінен быў лунаць сцяг Беларусі плошчай 12х6 метраў.

Меркавалася, што новы флагшток у Гомелі адкрыюць у пачатку траўня. Але гарадскія актывісты абурыліся тым, што велізарныя грошы трацяцца "на такую паказушную ідэю". Аўтары петыцыі супраць устаноўкі флагштока адзначаюць, што на плошчы і так ужо ёсць тры флагштокі.

19:32 21/05/2020


Загрузка...
Загрузка...