АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Каранавірус выявілі ў беларуса, які прыехаў на заробкі на Сахалін

Каранавірусную інфекцыю пацвердзілі ў грамадзяніна Беларусі, які цяпер знаходзіцца ў Расіі. Беларус стаў адным з 51 тых, хто захварэў COVID-19 на Сахаліне. Пра гэта ў сваім афіцыйным телеграм-канале распавёў губернатар Сахалінскай вобласці Расіі Валерый Лімарэнка, перадае "Еўрарадыё".

"Нягледзячы на выходны, працягваюць працаваць многія жыццёва важныя ўстановы. Сёння з лабараторыі прыйшло пацверджанне яшчэ аднаго станоўчага аналізу на каранавірус. Захворванне выяўлена ў жыхара Беларусі, які прыехаў на востраў для працы", — распавёў губернатар.

Беларус трапіў у лякарню як кантакт першага ўзроўню (у Расіі іх называюць асобамі блізкага кантакту з іншымі хворымі). Там ён здаў тэст, і COVID-19 быў выяўлены ў яго самога.

У Беларусі па стане на 16 траўня (апошнія афіцыйныя звесткі) выяўлены 28681 выпадак каранавіруснай інфекцыі. У краіне 11-е суткі запар пацвярджаецца больш за 900 выпадкаў COVID-19. Спецыялісты Мінздароўя лічаць, што Беларусь выйшла на так званае плато, калі каранавірусам заражаецца стабільна высокая колькасць людзей. Пасля плато павінен адбыцца спад захворваемасці.

Працягвае назірацца дзіўная сітуацыя з тэстамі на COVID-19. Калі верыць Міністэрству аховы здароўя, другія суткі запар іх робіцца вельмі шмат — больш за 13 тысяч. Аднак колькасць выяўленых выпадкаў COVID-19 быццам бы застаецца на ранейшым узроўні. Пры гэтым істотна ўпала "рэзультатыўнасць" тэстаў: другі дзень запар толькі 7% паказалі новыя выпадкі COVID-19.

12:11 17/05/2020


Загрузка...
Загрузка...