АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Сузаснавальнік TUT.by заклікаў медыкаў распавесці праўду – і паабяцаў фінансавую падтрымку

Бізнес-анёл Кірыл Валошын, сузаснавальнік TUT.by, Hoster.by, Café Netto і іншых праектаў апублікаваў на сваёй старонцы ў фэйсбуку пост, у якім заклікаў беларускіх медыкаў спыніць замоўчванне праблемаў, звязаных з эпідэміяй каронавірусу. Ён таксама паабяцаў «узяць усе выдаткі на сябе».


Сузаснавальнік TUT.by заклікаў медыкаў распавесці праўду – і паабяцаў фінансавую падтрымку
Паводле Валошына, не павінна быць гэтак, што рэальную статыстыку па колькасці хворых і тэстаў ведаюць ведаюць толькі «сем’і, калектывы, ды ананімныя тэлеграмы, а ўлада з міністэрствам здароўя не прымаюць належных мер, пры гэтым яшчэ і экспартуюць маскі ў РФ і Нямеччыну».

«Заклінаю вас, не дайце сістэме вярнуць нас у цёмны час страху і кухоннай праўды!«, – напісаў ён.

Ён выказаў абурэнне тым, што літаральна адзінкі медыкаў наважваюцца паведамляць прэсе пра ўмовы сваёй працы і называць сапраўдныя дадзеныя па эпідэміі. Валошын заклікаў іх падаваць максімальную колькасць зваротаў у дзяржаўныя ўстановы з апісаннем усіх праблемаў, а выдаткі на падрыхтоўку зваротаў кваліфікаванымі юрыстамі паабяцаў узяць на сябе.

«Таксама я прыкладу ўсе намаганні для таго, каб інфармацыя, перададзеная вамі, стала здабыткам грамадскасці і навінавых парталаў. Ад вас толькі патрабуецца прыняць рашэнне аб публічным немаўчанні, адправіць у любым зручным выглядзе (тэкст, аўдыё-паведамленне) інфармацыю аб праблемах на мой фэйсбук, і пасля падрыхтоўкі дакументу юрыстамі паставіць подпіс (выдатна будзе, калі вашы калегі таксама вас падтрымаюць) пад зваротам», – заклікаў Валошын.

Нагадаем, за час эпідэміі каронавірусу беларускія медыкі спачатку сутыкнуліся з недахопам сродкаў абароны, а потым – з ціскам кіраўніцтва за выступы ў недзяржаўных СМІ.

Па стане на 14 траўня ў Беларусі зафіксавана больш за 25 тысяч выпадкаў каронавірусу, 151 інфікаваны памёр.

09:05 15/05/2020


Загрузка...
Загрузка...