АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Шпіталі ў Баранавічах: пенсіянеры звальняюцца, медыкі агульнай практыкі інфікаваныя каронавірусам

Чытачы «Белсату» паведамляюць, што ў Баранавіцкім анкалагічным дыспансеры выпісалі амаль усіх пацыентаў, пакінулі толькі цяжка хворых. Усяму медперсаналу загадалі прыходзіць на працу і рыхтавацца да вялікай колькасці інфікаваных каронавірусам, якія паступяць у шпіталь.

Шпіталі ў Баранавічах: пенсіянеры звальняюцца, медыкі агульнай практыкі інфікаваныя каронавірусам
У анкадыспансеры «Белсату» распавялі, што не могуць даць каментары і параілі звярнуцца да галоўнага лекара баранавіцкай цэнтральнай паліклінікі. Але цягам дня лекар не змог знайсці часу, каб адказаць на пытанні. Раніцай у яго была нарада, а пасля абеду яго ўжо не было на працоўным месцы.

Намеснік старшыні баранавіцкага гарвыканкаму таксама на працягу дня быў недасяжны, тэлефон у яго кабінеце ніхто не адбіраў.

У санэпідстанцыі Баранавічаў адмовіліся пракаментаваць эпідэміялагічную сітуацыю і распавесці пра колькасць інфікаваных каронавірусам. Лекар установы толькі адзначыў, што агулам сітуацыя з захворваннем на COVID-19 у Баранавічах не самая горшая ў вобласці.

Медыкі гарадской паліклінікі № 3 у Баранавічах на ўмовах ананімнасці распавялі «Белсату», што за медычнай дапамогай штодня ў іх шпіталь звяртаецца каля 70-80 пацыентаў. Многія хворыя на запаленне лёгкіх. Лекары кажуць, што патэнцыйна кожнае запаленне лёгкіх можа быць наступствам захворвання на COVID-19. Але кожнага пацыента прыняць надзвычай складана, паколькі лекараў не хапае. Пенсіянеры звольніліся, а ўсе лекары агульнай практыкі інфікаваныя каронавірусам.

«Усе сем лекараў агульнай практыкі інфікаваныя каронавірусам. Заразіліся і тры памочнікі лекара. Засталося толькі два памочнікі і пяць медсясцёр. Прычым станоўчы вынік паказаў толькі другі тэст. Лекары ўжо месяц на бальнічным і яшчэ будуць два тыдні. Лечацца яны дома, іх выпісалі са шпіталяў», – распавялі «Белсату» медыкі з гарадской паліклінікі № 3 Баранавічаў.

«Я думаю, што вельмі шмат і паміраюць ад каронавірусу. Потым, калі будуць агучаныя дакладныя звесткі па колькасці ахвяраў каронавірусу, у нас проста валасы стануць дыбам на галаве. Вельмі шмат смяротных выпадкаў. Афіцыйная статыстыка не адлюстроўвае ўсе выпадкі, бо хаваюць лічбы. Але родныя загавораць. Бо пакуль людзей запалохваюць, пагражаюць звальненнем і гэтак далей», – кажуць лекары Баранавічаў.

10:35 14/05/2020


Загрузка...
Загрузка...