АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Каранавірус захапіў усю Беларусь

У 100 са 118 раёнаў Беларусі ёсьць пацьверджаныя выпадкі каранавірусу. Такую інфармацыю сабрала Свабода з адкрытых крыніц.




Каранавірус захапіў усю Беларусь
Міністэрства аховы здароўя Беларусі не публікуе падрабязнай інфармацыі пра колькасьць інфікаваных каранавірусам у кожным з раёнаў, і таму мы склалі ўласную мапу распаўсюду каранавірусу на падставе паведамленьняў у СМІ і інфармацыі з раённых цэнтраў гігіены і эпідэміялёгіі. Атрымалася, што па стане на 13 траўня 2020 году хворыя на COVID-19 ёсьць як мінімум у 100 са 118 раёнаў Беларусі. Гэта 85% усіх рэгіёнаў.

Насамрэч раёнаў з каранавірусам можа быць і болей. Але адкрытай інфармацыі пра тыя рэгіёны няма.

Толькі ў двух раённых цэнтрах гігіены і эпідэміялёгіі — у Круглым і Дрыбіне — Свабодзе паведамілі, што ў іх у раёнах няма хворых на COVID-19. Яшчэ ў 16-ці нам або адмовілі ў інфармацыі, або мы не змаглі дазваніцца да галоўных лекараў цягам некалькіх дзён.

Вось што ў нас атрымалася.

Віцебская вобласьць — самая пацярпелая, ва ўсіх раёнах каранавірус

Віцебшчына больш за астатнія вобласьці пацярпела ад каранавірусу. Тут не засталося ніводнага раёну, дзе б не рэгістравалі выпадкаў каранавірусу.

Таксама ў гэтым рэгіёне найбольш адкрытая афіцыйная інфармацыя. Сьвежыя зьвесткі пра колькасьць інфікаваных тут публікуюць на сайтах райвыканкамаў і ў дзяржаўных газэтах.

У адным толькі Віцебскім раёне сёньня вядома больш як пра 1500 выпадкаў каранавірусу. Больш за сто хворых на СOVID-19 — у Полацкім і Пастаўскім раёнах. Раней мы ўжо пісалі пра напружаную сытуацыю ў Докшыцкім і Бешанковіцкім раёнах.

Горадзенская вобласьць — у 16 з 17 раёнаў пацьверджаны COVID-19

У 16 з 17 раёнаў Горадзеншчыны пацьверджаны каранавірус. На сёньня няма зьвестак пра эпідэміялягічную сытуацыю толькі з Карэліцкага раёну.

Па афіцыйнай інфармацыі, у дзьвюх заходніх абласьцях была найменшая колькасьць інфікаваных каранавірусам.

Вялікая ўспышка пнэўманій у рэгіёне здарылася ў Жыровічах. Пасьля Вялікадня 40 чалавек з манастыра шпіталізавалі ў слонімскі цэнтральны раённы шпіталь. Як пазьней стала вядома Свабодзе, сярод шпіталізаваных сэмінарыстаў былі пацьверджаныя выпадкі каранавірусу.

Берасьцейшчына — праз каранавірус на трасах выстаўлялі пасты ДАІ

У гэтай вобласьці таксама няма інфармацыі толькі з аднаго раёну — Маларыцкага. Ва ўсіх астатніх каранавірус пацьверджаны.

Найбольшая колькасьць інфікаваных каранавірусам на Берасьцейшчыне была ў Лунінцы. Пра маштаб эпідэміі сьведчыла тое, што на выездах з гораду выставілі чатыры пасты, на якіх дзяжурылі супрацоўнікі ДАІ і эпідэміёлягі. Яны спынялі машыны і правяралі жыхароў Лунінца, ці няма іх у сьпісе тых, хто павінен быць у самаізаляцыі праз каранавірус.

Аднак статыстыку хворых на COVID-19 лунінецкія ўлады і лекары не абнаўлялі больш як месяц. Цяпер вядома, што пацыентаў з каранавірусам найбольш у Столінскім (109) і Кобрынскім (49) раёнах.

Гомельская вобласьць — на каранавірус захварэлі мэдыкі

У 18 з 21 раёну Гомельшчыны пацьверджаны каранавірус. Нам не ўдалося атрымаць інфармацыю толькі зь Веткаўскага, Калінкавіцкага і Петрыкаўскага раёнаў.

Найбольш складаная сытуацыя была ў Буда-Кашалёве. У цэнтральным раённым шпіталі гэтага райцэнтру недалёка ад Гомля было ня менш як 70 выпадкаў каранавірусу. На COVID-19 хварэлі і мясцовыя мэдыкі . Свабодзе вядома пра сьмерць прынамсі адной мэдсястры, якая мела станоўчы тэст на каранавірус.

Менская вобласьць — у шпіталях бракуе месца для хворых на COVID-19

У 16 з 22 раёнаў Меншчыны ёсьць пацьверджаныя выпадкі каранавірусу. Няма зьвестак толькі з шасьці: Бярэзінскага, Валожынскага, Клецкага, Крупскага, Нясьвіскага і Пухавіцкага раёнаў.

Калі не лічыць Менску, то ў ліку найбольш пацярпелых ад каранавірусу раёнаў — Мядзельскі (там была ўспышка ў санаторыі) і Старадароскі (каля паўсотні выпадкаў COVID-19).

Таксама дзясяткі хворых на пнэўманію і COVID-19 ёсьць у Стоўпцах. Пра гэта пісала Свабода. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Іван Мамайка агучваў «Нашай Ніве» лічбу ў 70–80 чалавек з каранавірусам. Па яго словах, у мясцовым шпіталі бракавала месцаў, і хворых адвозілі ў Менск, Слонім і Валожын.

Магілёўская вобласьць — праз эпідэмію закрываюць школы

Каранавірус пацьверджаны ў большасьці раёнаў Магілёўшчыны — прынамсі ў 14. У цэнтрах гігіены Круглага і Дрыбіна Свабодзе паведамілі, што ў гэтых раёнах паводле стану на 11 траўня ня выявілі ніводнага выпадку каранавірусу. Не ўдалося атрымаць інфармацыі зь пяці раёнаў: Бялыніцкага, Клімавіцкага, Клічаўскага, Мсьціслаўскага і Чавускага.

На Магілёўшчыне было вядома пра два найбольш пацярпелыя рэгіёны. У Асіповічах траціна ўсіх хворых на COVID-19 былі мэдыкі. А ў Чэрыкаве праз эпідэмію зачынілі школы. Празь мясцовую газэту ўлады заклікалі жыхароў раёну не выходзіць на вуліцу без асаблівай патрэбы. Пры гэтым лічбаў па колькасьці хворых яны не назвалі.


12:17 13/05/2020


Загрузка...
Загрузка...