АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Святлана Алексіевіч пра парад у Мінску: "Людзі ідуць туды, як на ўдава"

Нобелеўская лаўрэатка па літаратуры Святлана Алексіевіч у інтэрв'ю "Эху Москвы"выказалася аб гістарычнай памяці і аб ваенным парадзе 9 траўня ў Мінску. Па словах пісьменніцы, многія прасілі яе выступіць з крытыкай правядзення парада ў разгар пандэміі каранавіруса. Але яна не стала гэтага рабіць — супрацьстаяць параду, у першую чаргу, павінны людзі, якіх прымушаюць на яго ісці.



Адмову Аляксандра Лукашэнкі адмяніць парад яна тлумачыць яго асабістым супрацьстаяннем з Уладзімірам Пуціным і "магутнай воляй гэтага чалавека [Лукашэнкі. — Еўрарадыё], якая здольная падпарадкаваць велізарную краіну". "І няма нікога, хто скажа яму, што гэта вар'яцтва. І людзі ідуць туды, як на ўдава. Вось ідуць і ахвяруюць", — дадае яна.

Алексіевіч лічыць, што лепшая памяць аб перамозе — "калі б мы даведаліся ўсю праўду пра яе, і знайшліся нейкія формы сказаць гэтую праўду, замест таго каб без канца ішлі гэтыя ваенныя парады, ваенныя машыны". Яна згадвае, як на парадах у Мінску публіцы паказвалі не толькі танкі, але і трактары: "Гэта ўсё трошкі ўжо такое старое шоу".

Пісьменніца лічыць, што ў наш час праўда пра вайну замяняецца ідэялогіяй. "Я нават думаю, што сёння мне было б цяжка напісаць свае кнігі — у людзей бы зноў з'явіўся страх казаць праўду; праўду пра тое, як дорага далася гэтая перамога і якое ў яе страшнае аблічча. Пра гэта ж сёння нельга гаварыць", — рэзюмуе яна.

9 траўня ў Мінску прайшоў ваенны парад. У сацсетках яго нярэдка называлі "чумным" ці "каранавірусным" — бо ў Беларусі цяпер фіксуецца па 800-900 новых выпадкаў COVID-19 за суткі, і любое масавае мерапрыемства ў такіх умовах толькі падштурхоўвае эпідэмію. А тут — шмат вайскоўцаў, маладыя людзі са сцягамі, тысячы гледачоў на трыбунах... Але, як сказаў Аляксандр Лукашэнка, адмяніць парад немагчыма — бо людзі падумаюць, што мы чагосьці спалохаліся.

14:31 10/05/2020


Загрузка...
Загрузка...