АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Новая смерць ад пнеўманіі пад Магілёвам?

Жыхары вёскі Прысна 1, якая знаходзіцца пад Магілёвам, мякка кажучы, у шоку. Ва ўсіх сусветных навінах перадаюць пра закрыццё краінаў на карантын праз каранавірус, які выклікае пнеўманію, а на днях у іх роднай вёсцы ад пнеўманіі памёр мужчына, які толькі што вярнуўся з Нямеччыны.

Новая смерць ад пнеўманіі пад Магілёвам?
Пра смерць 53-гадовага мужчыны ад пнеўманіі чулі жыхары вёскі Прысна 1. Першымі журналісты «Белсата» сустракаюць немаладую пару: мужчына і жанчына займаюцца справамі на сваім надзеле. Просім у іх хвілінку ўвагі.

«Мы даведаліся, што здарылася, з інтэрнэту. Нічога не ведаем. Прачытаўшы навіны, прыйшлі да высновы, што трэба ўзяць паўзу. Пастанавілі перачакаць пару тыдняў. Жонка ўзяла адпачынак і мы цяпер займаемся выключна домам. Невядома, ці будуць нейкія паведамленні ад уладаў, як нам жыць далей. У нас часовая паўза».


Журналісты ідуць у краму, дзе дакладна павінны ведаць усе апошнія навіны пасёлка. Так атрымалася, што дзве крамы ў Прысне-1 знаходзяцца з абодвух бакоў мясцовых могілак.

«На гэтых могілках сапраўды нікога не хавалі ў апошнія дні. Гэтага мужчыну, які памёр ад пнеўманіі, павезлі на могілкі ў суседнюю вёску. Мне самой вельмі цікава, што здарылася, але, на жаль, я нічога не ведаю», – сказала прадавачка адной з крамаў.

У іншай краме журналістам падказалі больш:

«Так, я ведаю гэтага мужчыну. Ён разам з жонкай часта прыязджаў да нас у краму. У яго праца была ў Нямеччыне, ён туды ўвесь час ездзіў. Цяпер па пасёлку ходзяць самыя розныя чуткі, але ніхто нічога дакладна не ведае. Адны кажуць, што ён памёр ад каранавірусу, а іншыя кажуць, што яго забілі», – сказала прадавачка ў іншай краме.


Ад прадавачкі журналісты даведаліся, дзе шукаць дом 53-гадовага мужчыны. Маўляў, «самы багаты дом, так што не праедзеце міма». Каля «самага багатага дома» журналісты сустрэлі двух сямейнікаў, якія сказалі, што «ідуць з памінак А.».

«А. прыляцеў з Нямеччыны 18 сакавіка. Яго правяралі на каранавірус у аэрапорце. Нічога не знайшлі. Калі яму стала дрэнна, яго ў лякарню адвёз наш сусед. Там на гэты вірус яго яшчэ раз праверылі, а на наступны дзень хуткая прыехала і да суседа – зрабіць тэсты на каранавірус», – кажа сусед.

Паводле словаў суседа, яны з Аляксандрам бачыліся пасля ягонага вяртання з Нямеччыны, сядзелі за адным сталом. Цяпер сусед адчувае сябе нармальна: кашлю няма, тэмпературы няма.

«Можа быць, і ў нас ужо гэты каранавірус, хто яго ведае? У нас жа маўчаць пра ўсё, ніхто нічога не кажа. Сашу даставілі ў лякарню з пнеўманіяй. А ў якасці прычыны смерці яму паказалі, што адарваўся тромб. Што мы пра гэта думаем? А вы што думаеце? Як гэта так, чалавека адвезлі ў лякарню і ён там памірае. Мы думаем, што яму не трэба было вяртацца дадому, лепш бы ён застаўся ў Нямеччыне, магчыма, цяпер быў бы жывы», – кажа сусед памерлага.

Суседзі пацвердзілі, што А. ездзіў у Нямеччыну па працы. Згодна з іх словаў, пахаванне прайшло ў звычайным парадку. Ніякіх людзей у масках не было. Суседзі пацвердзілі, што А. сапраўды крэміравалі, але не на загад лекараў, а на жаданне сям'і. Пахавалі ў іншай вёсцы, бо ў Прысне не было месцаў.

У журналістаў атрымалася звязацца з сынам А. Але ён сказаў, што цяпер не гатовы даваць каментары з нагоды смерці свайго бацькі і спыніў тэлефанаванне.

14:46 26/03/2020


Загрузка...
Загрузка...